• Чемпионат Беларуси по футболу
  • Биатлон
  • Хоккей
  • Футбол
  • Теннис
  • Баскетбол
  • Гандбол
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС


Клім Халецкі, фота Анна Іванова,

Rusty Nail, Eligible LOM, Patrick Star, Abdullah, Hummer, Marik, Coprogore... Гэта не імёны супергерояў з коміксаў Marvel, а нікнэймы рэстлераў з Гомеля. Нядаўна на ўрадлівай паўднёвай глебе закаласіўся першы рэстлінг-прамоўшан – арганізацыя, якая праводзіць прафесійныя рэстлінг-шоу і рыхтуе байцоў. 34mag з’ездзіў у Гомель, каб паглядзець на трэніроўку беларускіх Халкаў Хоганаў і пазнаёміцца з заснавальнікам дзвіжухі Аляксандрам Хазардам.

"Тым, хто думае, што гэта – бутафорыя, раю пару разоў ё*нуцца на падлогу з канатаў"


"На апошнім шоу я павінен быў суперніку пакоцаць твар відэльцам. Але нешта пайшло не так, і кроў пусцілі мне", – распавядае лагодны рэстлер Abdullah і з гонарам паказвае мне фатаграфіі вынікаў бойкі.
 
Месца нашай сустрэчы – зала гомельскага ДК "Беліцкі". Час тут спыніўся за некалькі дзесяцігоддзяў да таго, як у Беларусі пачулі слова "рэстлінг". Сёння субота, усе спазняюцца. Таму мы з Abdullah перабіраемся ў сціплае падсобнае памяшканне: пара гантэляў на падлозе, "залатыя" кубкі чэмпіёнаў на сцяне і комп, на якім нон-стоп ідуць рэстлінг-мувікі.




На экране – культурная рэвалюцыя ў ДК вёскі Капцэвічы. Два гомельскія рэстлеры ладзяць "хардкор" – бой без правілаў з выкарыстаннем незвычайнай "зброі". Спачатку аб аднаго рэстлера разбіваюць люмінесцэнтныя лямпы, потым да ягонай жа спіны стэплерам прымацоўваюць паперкі і завяршаюць дзеянне ўтыканнем шпрыцаў у галаву. Кроў залівае стары паркет Дома культуры, але мясцовыя жыхары не выклікаюць міліцыю, а пляскаюць у ладкі і ўхвальна крычаць.
 
Для большасці беларусаў рэстлінг распачаўся і скончыўся Халкам Хоганам ды трансляцыямі па ТНТ, якія камічна каментаваў Мікалай Фаменка напрыканцы 1990-х. У іхных успамінах рэстлінг – гэта мужчыны ў яркіх трыко, якія больш падобныя на блазнаў і камедыянтаў, чым на сапраўдных байцоў. Abdullah спрабуе даказаць мне, што ўсё не так прымітыўна: "Існуюць розныя школы рэстлінгу: амерыканская, японская, мексіканская. Нам бліжэйшая японская: жорсткая і рэалістычная. Вядома, рэстлінг – прафесійнае шоу. Пераможца тут звычайна вядомы загадзя, а байцы адпрацоўваюць пэўныя ролі. Але тым, хто думае, што ўсё гэта – бутафорыя і дзіцячы сад, я раю прыйсці на трэніроўку і паспрабаваць пару разоў ё*нуцца на падлогу з канатаў".
 
А 17:00 прыходзіць Аляксандр Хазард – моцны хлопец 24 гадоў з татуіроўкай "Кorn" на шыі ды бейсболкай на галаве. Ён – прамоўтар, заснавальнік гомельскай школы рэстлінгу і галоўны ідэолаг яго прасоўвання на беларускай зямлі. У дзяцінстве Аляксандр аб’ездзіў палову Еўропы ў межах праграмы дапамогі "дзецям Чарнобыля". З падарожжа прывёз фатаграфіі, дух супраціву і захапленне рэстлінгам.

"Гадоў у сем я пабачыў ў Італіі мульт пра рэстлераў “Маска тыгра”, – успамінае бесклапотныя гады Аляксандр. – Захварэў гэтай тэмай і задаўся мэтай знайсці школу, дзе з мяне маглі б зрабіць профі. У 12 гадоў у той жа Італіі ўпершыню пачаў сур’ёзна трэніравацца. Потым займаўся яшчэ ў Германіі ды Англіі".
 
Вярнуўшыся ў Беларусь, ніякіх прыкмет рэстлінгу Аляксандр не выявіў. Некаторы час ён займаўся бізнесам у фармаце "купі-прадай", а ў 2011-м пачаў працаваць над тым, чаго прагнуў усёй душой: арганізаваў сваю школу рэстлінгу ў Гомелі. Цяпер у ягоным прамоўшане – 10 рэстлераў. Прычым толькі адзін з іх вытрымаў усе два гады. Зразумеўшы сутнасць ды інтэнсіўнасць трэніровак, дзіўлюся, што застаўся хоць хтосьці.

"У фізічнай падрыхтоўцы з намі могуць параўнацца толькі акрабаты"

 
Трэніруюцца рэстлеры па 4 гадзіны 7 дзён на тыдзень. Трэнажорную залу асабліва не паважаюць і амаль заўсёды працуюць "са сваёй вагой" паводле адмысловай рэстлерскай сістэмы Gotch's Bible. "У рэстлінгу, як у сексе, галоўнае – трываласць,– кажа адзін з рэстлераў. – А гэтая сістэма яе крута развівае".
 
Я гляджу, як на рынгу стаяць чацвёра хлопцаў з самаробнымі дошкамі для адцісканняў. На падлозе ляжыць калода карт. Рэстлеры тасуюць яе і ў залежнасці ад карты, якая выпадае, робяць пэўныя практыкаванні. Чорныя карты – прысяданні, чырвоныя – мудрагелістыя адцісканні. Колькасць паўтораў залежыць ад канкрэтнай карты. "7 чарвякоў" – адціскацца 7 разоў, валет, дама і кароль – 10, туз – 11, джокер – 20. Для прысяданняў гэтую колькасць трэба памножыць на два.
 
"Gotch's Bible прыдумалі, каб не надакучвала аднастайнасць трэніровак, – кажа Аляксандр. – Акрамя таго, рэстлеры часта не маюць трэнажорнай залы непадалёк месца бойкі, а паводле гэтай сістэмы ўсё, што табе трэба для трэніроўкі, ты носіш у сябе за плячыма".




Пасля Gotch's Bible хлопцы расцягваюцца і адпрацоўваюць кідкі.У пошуках удалага кадра наш фатограф просіць іх біць адзін аднаго аб рынг па 3 разы запар. Яны з усмешкай згаджаюцца і дэманструюць багацце свайго сцэнічнага рэпертуару.
 
"Барцы і баксёры смяюцца з рэстлераў… пакуль не трапяць на трэніроўку, – закранае тэму канкурэнцыі відаў Аляксандр. – Два з маіх хлопцаў нядаўна прыселі 2100 разоў, адціснуліся па 2000 разоў за дзве гадзіны. У фізічнай падрыхтоўцы з намі могуць параўнацца толькі акрабаты". 
 
Пачуўшы нашу гутарку, рэстлеры забываюцца на трэніроўку ды пачынаюць пералічваць свае рэкорды і дасягненні. А суровы прамоўтар дадае, што "калі ты прыйшоў за аватаркай для “ВКонтакте”, то доўга тут не вытрымаеш. Мне патрэбныя хлопцы, якія могуць працаваць на тэлевізійным узроўні".

"Рабілі ў цэнтры рынга басейн і лупілі адзін аднаго рыбай" 

 
Трэніроўка ідзе ўжо чатыры гадзіны, але хуткасці ніхто не скідвае. На рынг залазяць прыгожыя даўганогія дзяўчаты. З іх з’яўленнем градус брутальнасці паніжаецца, і я ўспамінаю, што рэстлінг – гэта тэатралізаванае шоу, а не спорт высокіх дасягненняў.
 
У беларускім рэстлінгу пераможца і агульны план бою вядомы загадзя, а ўдары наносяць не на поўную сілу. Сярод рэстлераў ёсць "фэйсы" – добрыя хлопцы, якія б’юцца паводле правілаў, а ёсць "хілы" – bad guys, якія выкарыстоўваюць брудныя прыёмы.
 
"Рэстлінг – гэта спартовы шоу-бізнес, поспех тут – гэта любоў публікі, – распавядае Аляксандр. – Мы спрабуем рабіць яскравыя, эпатажныя баі. Вось біліся з завязанымі вачыма, рабілі ў цэнтры рынга басейн і лупілі адзін аднаго рыбай з яго глыбіні… З пункту гледжання pro-рэстлінгу – лайно. Але гледачам такое падабаецца больш за ўсё".
 
Галоўнае адрозненне беларускага рэстлінгу ад сусветных аналагаў – поўная адсутнасць грошай і спонсараў. Нават рынг, на якім праходзяць баі, рэстлеры сабралі самі. Нягледзячы на гэта, за апошнія чатыры месяцы Xtreme Syndicate (Pro) Wrestling арганізаваў ужо шэсць шоу (чатыры з іх – у Гомелі, адно ў Капцэвічах і яшчэ адно ў Жодзіне). У планах праз год – усталяваць тры рынгі па ўсёй краіне, правесці шоу ў Маскве і некалькі разоў разыграць тытул чэмпіёна прамоўшану. Паўшэптам мне нават паведамляюць, што ёсць дамоўленасць з "адным буйным каналам" аб тэлеверсіі шоу.



Напрыканцы мы з Аляксандрам Хазардам выходзім на рынг, і ён паказвае мне некалькі прыёмаў. Мае ўражанні: хутка, складана, балюча. "Рэстлінг – гэта прафесійны спорт, – напрыканцы кажа Аляксандр. – Тут аматараў не паважаюць. Каб чагосьці ў ім дамагчыся, трэба працаваць па 12 гадзінаў. Вось у мяне ёсць жонка і дзіця, але я перш за ўсё pro-рэстлер, а не тата або муж. Гэта мая стыхія, і я павінен зрабіць яе папулярнай у маёй краіне".
-40%
-15%
-20%
-40%
-20%
-40%
-10%
-10%
-40%
0071423