На беразе Мінскага мора плануецца адкрыць Цэнтр паруснага спорту. Пра гэта ў траўні паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі паруснага спорту Ігар Рачкоўскі.
Паводле яго слоў, цэнтр будзе створаны на месцы дзеючай сёння дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
“Падрыхтаваны сур’ёзны інвестпраект, — цытуе словы Рачкоўскага БЕЛТА. — На стварэнне цэнтра плануецца выдаткаваць ад 3 да 5 мільёнаў еўра”.
Паведамлялася, што за аснову суперсучаснага беларускага паруснага цэнтра будзе ўзяты элітны маскоўскі яхт-клуб “Пірагова”.
“Гэта адзін з найбольш годных яхт-клубаў, — сказаў Рачкоўскі. — І тая акваторыя прыкладна адпавядае акваторыі Мінскага мора”.
Зараз рыхтуецца адпаведная дакументацыя па ўзвядзенні цэнтра. Большую частку будаўнічых работ плануецца ажыццявіць ужо ў наступным годзе, а здадуць аб’ект у 2012-м.
“Калі ўсё пойдзе нармальна, то, мяркую, недзе ў маі 2012 года мы запросім на адкрыццё цэнтра”, — сказаў Рачкоўскі.
Плануецца, што ў цэнтры размесцяцца штаб-кватэра Федэрацыі паруснага спорту, дзіцяча-юнацкая школа, ангары для захоўвання лодак, а таксама невялікі гатэль для спартсменаў.
На форумах пачалі ўжо даволі актыўна абмяркоўваць ідэю будоўлі ў Беларусі Цэнтра паруснага спорту. Вядома, што элітны яхт-клуб “Пірагова”, які прывёў у якасці паспяховага прыкладу спадар Рачкоўскі, ствараўся не за дзяржаўныя, а за прыватныя грошы. І народ цікавіцца, за чый кошт, уласна кажучы, будзе арганізаваны “банкет”.
Карэспандэнт “Тут і цяпер” вырашыла пацікавіцца дэталямі ў выканаўчага дырэктара Федэрацыі паруснага спорту Беларусі Сяргея Бандзіка.
— Сяргей Валер’евіч, распавядзіце, калі ласка, чаму за прыклад узялі менавіта дарагі маскоўскі яхт-клуб?
— Яхт-клуб “Пірагова” — гэта не зусім наша мадэль і стыль. У нас іншыя сродкі і іншыя памеры. За аснову будуць брацца перш за усё невялікія яхт-клубы Прыбалтыкі, Славакіі, Харватыі, таму што не нам раўняцца на расійскі купецкі размах. Мы хочам усё зрабіць больш сціпла, але пры гэтым больш функцыянальна. Я не называў бы гэты праект занадта элітным. У першую чаргу гэта будзе спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву.
— Праект каштуе ад трох да пяці мільёнаў еўра. Гэта вялікія грошы для такога цэнтра?
— Я не будаўнік, і мне цяжка меркаваць, многа гэта ці не. У дадзены момант гэтым пытаннем займаюцца больш кампетэнтныя спецыялісты.
— А хто будзе будаваць Цэнтр паруснага спорту — беларусы ці знайшліся замежныя інвестары?
— Згодна з прэзідэнцкім указам, мы маем генеральнага спонсара — СТАА “Дзіяніс”, які будзе выдаткоўваць грошы на будоўлю. Зараз адпрацоўваюцца ўмовы інвестыцыйнай дамовы. Але, падкрэсліваю, у першую чаргу гэта будзе не элітны клуб, а база для школы алімпійскага рэзерву, якая зараз у нас знаходзіца, скажам так, у крыху разабраным стане.
— Сяргей Валер’евіч, а ў якім стане сёння ўвогуле знаходзіцца беларускі парусны спорт? Некалькі гадоў назад нават некаторыя вядомыя беларускія яхтсмены казалі: “Паміраем...”.
— Добра, а вось як вы лічыце, у якім стане наш парусны спорт, калі беларуска Таццяна Драздоўская зараз пятая ў сусветным рэйтынгу?
— Шчыра кажучы, акрамя Таццяны Драздоўскай я іншых “паруснікаў”, да свайго сораму, і не назаву....
— Вось перад намі і стаіць задача — займацца алімпійскім рэзервам, папулярызацыяй гэтага віду спорта. Мы шмат увагі ўдзяляем пачынаючым спартсменам, каб потым вывесці іх на сур’ёзны ўзровень. Але трэба добра ўяўляць, што алімпійскія ўзнагароды з’явяцца ў нас не заўтра і нават не паслязаўтра. Гэта доўгатэрміновая праграма.
— Парусны спорт — дарагая забава?
— Патэлефануйце ў любую дзіцяча-юнацкую школу: для дзяцей — цалкам бясплатна.
— А сярод дарослых у нас многа заўзятых яхтсменаў?
— Ёсць пэўная праслойка аматараў-яхтсменаў, якія маюць свае прыватныя яхты. Яны іх самі і будуюць, і набываюць, і дапрацоўваюць. Ёсць людзі, якія хварэюць за парусны від спорту, ім гэта вельмі цікава. І людзей такіх шмат, а вось месца, дзе іх можна было б сабраць разам, не хапае.
— Хочаце сказаць, што некаторым беларусам проста няма дзе захоўваць свае яхты?
— Зразумейце правільна: у Беларусі пакуль не так, як у той жа Польшчы альбо Расіі, дзе чалавек набывае новую яхту, і яму няма дзе яе ставіць і абслугоўваць. У нас часцей набываюць нейкую “старажытнасць”, а потым даводзяць яе “да розуму” сваімі рукамі. Але на гэта ўсё роўна патрэбны месца і час. У першую чаргу месца, таму што гэта даволі аб’ёмныя рэчы.
— Наколькі я ведаю, некалькі гадоў таму быў распрацаваны план мерапрыемстваў, які прадугледжваў набыццё спецыяльнага абсталявання, а таксама стажыроўкі для трэнераў і спартсменаў. Гэта ўсё яшчэ дзейнічае?
— Так, план выконваецца. Мы праводзім семінары, плануем займацца адукацыяй трэнераў. Мы вывозім нашу каманду на міжнародныя воды, набываем новае абсталяванне. Ужо заменена больш за 70 працэнтаў нашага парка (у дадзеным выпадку гаворка ідзе менавіта пра дзіцячыя яхты).
— А нашы спартсмены на зламаных лодках не плаваюць?
— Запытайцеся ў любога сталага яхтсмена, і ён вам скажа, што такой увагі да паруснага спорту, як сёння, не было нават за савецкім часам.
ГРАШОВАЕ ПЫТАННЕ
Як напісана ў прэзідэнцкім указе “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі асобных відаў спорту”, спонсар аказвае падтрымку Беларускай федэрацыі паруснага спорту не менш чым на 1 мільярд рублёў у год.
ТЫМ ЧАСАМ
Школа паруснага спорту ў бліжэйшай перспектыве павінна з’явіцца і ў Гродне.
“Там плануецца пабудаваць гідраэлектрастанцыю, у выніку чаго ўтворыцца вялікая водная акваторыя, а ў перспектыве (гэтае пытанне мы ўжо адпрацоўваем) разрозненыя аддзяленні паруснага спорту ў дзіцячых школах будуць аб'яднаны дзеля стварэння добрай школы”, — падзяліўся планамі Рачкоўскі.
Разделы
- TAM.BY — поиск компаний и услуг
- hoster.by — хостинг и регистрация доменов
- Rebenok.by — энциклопедия для родителей
- Ты можешь им помочь — благотворительность
- tutby.com — реклама на TUT.BY