• Биатлон
  • Хоккей
  • Футбол
  • Теннис
  • Баскетбол
  • Гандбол
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС


Павел Свярдлоў, Віталь Зыблюк,

Славуты беларускі трэнер узяў адпачынак ад футбола. Ён жыве ў доме пад Мінскам, гадуе ўнукаў і займаецца ўласным садам, марыць пра тое, каб вучыць футболу юнакоў і чакае прапановы, пасля якой ужо не давялося б клапаціцца пра дабрабыт вялікай сям'і…

Еўрарадыё: Апошнія месяцы ад вас нічога не чуваць... Нават пачалі ўжо пляткарыць, што вы на пенсію пайшлі!

Эдуард Малафееў: Ты пакажы мне, хто мяне спісаў на пенсію... Не ведаю, хто гэта такія распускае чуткі. Я працую! Актыўна займаюся футболам. Іншая справа - усе прызвычаіліся, што я працую на больш высокім узроўні. Зборная СССР, зборная Беларусі... Але калі ідзеш па жыцці і ведаеш ужо ўсе ўзроўні ў футболе, пачынаючы з дзіцячай школай і заканчваючы нацыянальнай зборнай - больш патрэбна, каб хлопцы раслі! І я сваю задачу бачу так - паказаць, як трэба працаваць правільна!

Бо маладыя трэнеры часам не вельмі добра ведаюць тэорыю фізвыхавання. Не ведаюць добра фізіялогію, біяхімію. І я вельмі лёсу ўдзячны, што хаця і ў пэўнай ступені прымусова, але ў мяне трымалася і ў Салігорску, і ў ленінградскім "Дынама" паказаць прыклады таго, як трэба працаваць. Не цягнуць аднекуль вядомых гульцоў - мне гэта не падабаецца. Мне падабаецца гадаваць кветкі ў сваім гародзе. Так што мяне яшчэ зарана спісваць з рахункаў. У мяне яшчэ і жадання працаваць, і, дзякаваць Богу, здароўя досыць.

"Ніводнага дня я не быў кансультантам"

Еўрарадыё: Дарэчы, як здароўе?

Эдуард Малафееў: Здароўе ў мяне добрае заўсёды было. Я сёлета клаўся ў лякарню, але... З майго боку гэта быў пэўны хітрык, хаця нешта і было цяжкае ў сэрцы... Бо я прызвычаіўся, калі галоўнаму трэнеру даюць волю! А не так, калі футбол заганяюць у стойла! Таму і каманды цяпер усе аднолькавыя. І мне, можа быць, як нікому складана ў гэтым плане. Запас волі, які мусіць быць для творчасці - яго часта не хапае. Таму і павароты такія нечаканыя адбываюцца ў мяне ў жыцці. Але я - баец, і буду за свае прынцыпы біцца да апошняга!

Еўрарадыё: Ці стала цяпер у вас больш творчай волі?

Эдуард Малафееў: Я цяпер цалкам вольны. Вось кажуць, што я нібыта ў "Дынама" кансультантам працую. А я - не... Мне сапраўды прапанавалі, і я ўзяў на роздумы пару дзён, каб з каманды не бегчы. І нібыта даў дазвол, але ніводнага дня я не быў кансультантам. Я адразу сказаў: "Перашкаджаць нікому не буду. А малады чалавек, які прыйшоў замест мяне - я яму толькі дапамагу, калі ён захоча". І сапраўды, мы з ім паразмаўлялі, і я яму даў свае выкладкі - калі ласка! І сказаў, каб тэлефанаваў, калі што.

А кансультантам я ні ў якім разе не хачу быць. Я лічу, што гэта ж вельмі цяжка - быць кансультантам!!! Разумееце, гэта людзі занадта самаўпэўненыя, ці якія сапраўды не разумеюць ісціну. Калі ёсць кансультант - ён пэўным чынам абмяжоўвае магчымасці галоўнага трэнера! Таму я на такое не пайду ніколі. Цяпер я вольны. Я адпачываю.

Еўрарадыё: А ці ёсць прапановы? Беларусь, Расія, Украіна?

Эдуард Малафееў: З Расіі ёсць прапановы. І не адна. І іншыя ёсць прапановы, але казаць пакуль што рана.

Еўрарадыё: Чым запаўняеце вольны ад футбола час?

Эдуард Малафееў: Я за горадам жыву. У мяне 7-8 сотак ёсць. І дом. Добраўпарадкоўваю гэта ўсё. З дзецьмі і ўнукамі баўлю час. Унук нарадзіўся яшчэ адзін, Кірыл. Два гады яму ўжо, і я яму шмат часу аддаю. Час у мяне ёсць, і таму я шмат чытаю духоўнай літаратуры. Працягваю чытаць. Бо ад самага пачатку, калі хацеў зрабіцца трэнерам, зразумеў, што мэтры ў гэтай працы - гэта звышінтэлектуальныя людзі. І калі я бачыў, як яны працуюць, мне было зайздросна. І хацелася, каб і ў мяне, калі ўжо я буду трэнерам, быў не горшы ўзровень. І з тых часоў я шмат чытаю духоўнай літаратуры, гісторыі. Бо з маладымі футбалістамі трэба размаўляць вобразамі! Даючы ім свабоду і ў жыцці, і на полі, трэба ўтрымліваць іх у межах пэўных маральных, духоўных каардынатаў. А каго і абмежаваць у пэўных рэчах. Ізноў жа, трэба размаўляць з імі іх мовай. Каб яны разумелі.

Еўрарадыё: Што расце ў вашым гародзе?

Эдуард Малафееў: У мяне газон. Мы пасадзілі яблыні, ёсць некалькі груш, слівы, вішні... А так для сябе - градачка луку, градачка часнаку... Нічога асаблівага не вырошчваем. Хутчэй, у нас сад, а не гарод. І вельмі шмат кветак!

Еўрарадыё: А якую кнігу вы чытаеце цяпер?

Эдуард Малафееў: Вывучаю славутага філосафа Ільіна. Шчыра скажу: шкада, што так позна да яго звярнуўся. Настолькі ўдала ён піша і пра каханне, і пра свабоду, і пра іншыя жыццёвыя моманты... Усё гэта вельмі важна.

Еўрарадыё: Ці думалі вы самі напісаць што-небудзь?

Эдуард Малафееў: У мяне ўжо ёсць адна кніга. Гэта аўтабіяграфічны твор, "Футбол! Вправо, влево и в ворота!".

Еўрарадыё: Можа, наступная кніга будзе нечым накшталт футбольнага падручніка?

Эдуард Малафееў: Я пра гэта думаю, бо матэрыялаў шмат. Але так складана пісаць... Я шукаю мову, якая б мне спадабалася, у спартовых карэспандэнтаў. Для мяне важна, каб мова была чыстая.

Кніга будзе пра футбол і пра мае жыццёвыя пазіцыі. Думаю, што маладым людзям будзе вельмі карысна даведацца пра тое, як стрымаць сябе, калі нават ты выйшаў на высокі ўзровень. Як паводзіць сябе, як лячыць зорную хваробу.

Еўрарадыё: Філасофія футбола?

Эдуард Малафееў: Можна і так сказаць. Яшчэ напішу пра веру. Я лічу сябе веруючым, але не настолькі моцным. І вельмі шкадую, што не атрымліваецца зрабіцца сапраўдным хрысціянінам. Мне гэтага вельмі хочацца.

Еўрарадыё: А што перашкаджае?

Эдуард Малафееў: Мае заганы. Злосць, шматслоўе, іншыя жыццёвыя пытанні збіваюць. Я імкнуся апанаваць сябе. Але не заўжды атрымліваецца, і я з гэтай нагоды сумую.

"Якія трэнеры - такі і футбол"

Еўрарадыё: Дзе б вы хацелі яшчэ папрацаваць?

Эдуард Малафееў: У мяне ёсць адна прыгожая мара - працаваць з юнакамі, пачынаючы з самага маладога ўзросту, 7-8 гадоў. І даць ім добрую падрыхтоўку: і фізічную, і тактычную, і інтэлектуальную, і духоўную - гэта ў мяне ўвогуле пытанне № 1. Вось што мне хочацца рабіць! Але пакуль што няма такой магчымасці: у мяне сям'я вялікая. Мне трэба, каб жыццёвы ўзровень не падаў у сям'і. Таму, калі шчыра, і бадзяюся па камандах па гэтых... А калі б у гэтым плане ўсё добра было - калі б грошы былі, трывалае становішча, і ўсё астатняе - я б даўно працаваў менавіта ў юнацкім футболе. Бо гэта цяпер для нашай краіны галоўнае.

Еўрарадыё: Чаму?

Эдуард Малафееў: Таму што маладыя людзі мусяць быць падрыхтаваныя да вялікага футбола. І моцнымі, і духоўна багатымі, і ў тэхнічным плане падкаванымі. Іначай ніякага вялікага футбола не будзе.

Еўрарадыё: Нейкі час таму ў нашай студыі быў Мікалай Шпілеўскі, менеджэр Аляксандра Глеба...

Эдуард Малафееў: Я да футбольных агентаў стаўлюся адмоўна.

Еўрарадыё: Чаму? Футбалісту ж самому складана разбірацца ва ўсіх юрыдычных дэталях кантракта...

Эдуард Малафееў: Агент - не трэнер. Яму важна толькі, каб хлопцы раслі. А ўсё астатняе не важна. І яны шмат маладых людзей псуюць. Вось быў Кіслы - вельмі добры хлопец, 1988 года нараджэння. І няма яго, не стала. А загубілі яго агенты. Зрабілі кватэру ў Мінску... Я хацеў вярнуць яго ў футбол, а ў яго вага - 96 кілаграм!

То бок, пытанне якраз у тым, каб агенты былі трэнерамі!

Еўрарадыё: Дык вось Шпілеўскі казаў пра тое, што ў Германіі маладыя людзі ў спартовых школах трапляюць на роўную і добра вядомую дарогу, на якой нічога не перашкаджае іх таленту весці іх да вяршыні. Ці ёсць у нас такая сістэма?

Эдуард Малафееў: Ёсць! Дык гэта ўсё нашае, немцы проста перанялі! Уся методыка выхавання, уся спартовая навука - нашая! З развалам СССР усё спынілася, перарвалася, але ў Беларусі захавалася ўся структура. Хаця 1990-я і былі гадамі правалу. Але цяпер усё ў нас ёсць, а галоўнае пытанне - гэта корпус трэнераў. І дзіцячых, і дарослых. Які трэнер - такі і футбол. І парадак у камандзе. Таму гадаваць трэнераў трэба вельмі ўважліва. А гэтага цяпер не робіцца.

"Анатоль Тарасаў запрашаў мяне працаваць у хакейнае ЦСКА"

Еўрарадыё: Якіх якасцяў не хапае беларускім трэнерам?

Эдуард Малафееў: Ды ўвогуле не хапае разумення сваёй працы! Як выхоўваць якасці, як закругліць год, каб на наступны атрымаць яшчэ большы рост. І ў дзіцячым спорце, з 7-8 гадоў і далей - перыяд сталення. Калі недакладна распланаваны трэніровачны працэс - дык уявіце сабе, да 30 гадоў шмат хто мужчынскай сілы пазбаўляецца! А вінаватыя ў гэтым мы, трэнеры!

Трэба больш патрабавальна ставіцца і да адбору будучых трэнераў у спартовыя ВНУ.

Еўрарадыё: А вас не клічуць выкладаць?

Эдуард Малафееў: Клічуць. Але я не хачу, бо адны адно кажуць, іншыя - іншае, а ісціна дзе? Да таго ж трэба іншы падыход. Трэба, каб грошы добрыя плацілі. Каб я за групу цалкам адказваў, пачынаючы з адбору і заканчваючы выпускам. Каб пасля сказаць: вось, я выхаваў трэнераў!

Еўрарадыё: Ёсць момант, які не бачаць журналісты і гледачы. Гэта перапынак. Што звычайна адбываецца ў гэтыя хвіліны ў раздзявальні, і ці можа трэнер змяніць ход матчу?

Эдуард Малафееў: Калісьці Анатоль Тарасаў запрашаў мяне працаваць у хакейнае ЦСКА. І я пагадзіўся! І ўжо рыхтаваўся пераехаць у Маскву, але высветлілася, што ў мяне ёсць ворагі. І іх сувязі вырашылі пытанне не на маю карысць. Іначай быў бы Эдуард Малафееў не толькі футбольным, але і хакейным трэнерам!

Дык вось, Тарасаў быў вельмі нестандартны трэнер. Аднойчы мы гулялі з Чэхамі. І перад 3 перыядам прайгравалі дзве шайбы. Хакеісты чалкалі, што ён ім зараз учыніць жорсткі разбор. А ён увайшоў, улез на стол і пачаў спяваць гімн СССР. І ўсе ўсхапіліся, узняліся. І выйгралі той матч у чэхаў 3:2!

"За працу на чале зборнай Беларусі атрымліваў 3 тысячы долараў"

Еўрарадыё: Як вы лічыце, добрая гульня зборнай Беларусі ў апошніх матчах - гэта таксама заслуга трэнера? І як так атрымліваецца, што мы можам выйграць у Францыі - але згуляць у нічыю з Люксембургам?

Эдуард Малафееў: Думаю, гэта трэнерская недапрацоўка. Калі не атрымліваецца каманду ўпэўніць у тым, што трэба гуляць кожную гульню як апошнюю - цяжка гуляць кожны матч. Вось тут і мастацтва нашае трэнерскае. Калі атрымліваецца - ёсць эфект. Калі не - сварыся на сябе.

Еўрарадыё: А ці вырас за гады працы з беларускай камандай Штанге? Ці пасуе ён цяпер нам больш?

Эдуард Малафееў: Я да гэтай пары супраць таго, каб запрашаць замежнікаў. Хаця да яго я стаўлюся вельмі добразычліва. Калі ён робіць добрую справу для краіны - дай яму Бог здароўя!

Еўрарадыё: Дык чаму ж вы тады супраць замежнікаў?

Эдуард Малафееў: Так можна да таго дайсці, што мы ўсіх будзем выпісваць з-за мяжы! А трэба наадварот рабіць, трэба туды ездзіць вучыцца! Мне сорамна, што ў нас самая лепшая трэнерская навука аб спорце, а трэнера зборнай сярод сваіх спецыялістаў знайсці не можам! Калі расійская трэнерская эліта прыехала аднойчы ў "Чэлсі" да Жазэ Маўрынью, а ён выйшаў з кнігай Льва Паўлавіча Мацвеева "Тэорыя фізвыхавання" і пытаецца: "Вы з Расіі? Дык я ж па вашай кніжцы працую, чаму вы самі не хочаце гэтым карыстацца?"

Еўрарадыё: А хто з айчынных спецыялістаў мог бы ўзначаліць зборную?

Эдуард Малафееў: Ёсць вартыя трэнеры. Ігар Крывушэнка ў "Сібіры". Віктар Ганчарэнка, які трэніруе БАТЭ. Я б мог з задавальненнем, шчыра дапамагчы. Хаця ведаеце, колькі мне плацілі, калі я быў трэнерам зборнай? Сорамна сказаць, 3 тысячы долараў за месяц! Трэнер зборнай! Гэта ж грэбуюць намі, мясцовымі! І з-за таго, што няма прарока ў сваёй Айчыне, мне крыху крыўдна. 

-40%
-46%
-20%
-10%
-25%
-20%
-20%
-25%
-20%
0065768