
Сёння мужчынская каманда “Цмокі-Мінск” нарэшце атрымала першую хатнюю перамогу ў сезоне. Пры гэытм вельмі ўпэўнена – дзякуючы 31 балу Хіліярда, трыпл-даблу Мараша і ўвогуле якаснай гульні ўсіх баскетбалістаў, наша дружына прывезла “Камарна” 31 ачко перавагі - 98:67.
Упэўненая перамога ў гульні першага круга і статус безумоўнага фаварыта сустрэчы дазвалялі мінскім заўзятарам спадзявацца на дэбютную хатнюю перамогу “Цмокаў” у сезоне. Напэўна, перашкодзіць гаспадарам маглі толькі траўмы. Пры гэтым не толькі Штутца, але і Грэя, які так і не паспеў прыйсці ў неабходную форму да пачатку супрацьстаяння.
Тым не менш, і без двух амерыканцаў чэмпіёны Беларусі стартавалі неверагодна – двума далёкімі трапленнямі і пагрозлівым спуртам 8:0. Больш за тое, яшчэ да сканчэння першай чвэрці мінчукі запасліся двухзначнай перавагай, а ўвогуле набралі 31 бал за 10 хвілін. Пры гэтым дазволілі суперніку запісаць у актыў усяго 14, і яшчэ да пачатку другога перыяду 15 баламі адзначыўся Хіліярд.
Энтані і ўвогуле можна прызнаць сапраўдным MVP першай паловы. Адзіны мінскі амерыканец, які застаўся ў гульні, набраў неверагодныя 22 бала за палову, а таксама рэалізаваў 8 з 9 кідкоў, у тым ліку 4 з 5 – з-за дугі. Пры гэтым і астатнія снайперы гаспадароў падтрымлівалі партнёра. Да экватара сустрэчы “Цмокі” рэалізавалі 50% кідкоў з-за дугі, што стала ўсяго адной са шматлікіх прычын вялізнай перавагі нашага калектыву. Так, напрыклад, яны кантралявалі барацьбу за падбор, пры гэтым перыядычна адзначаліся сабранымі на чужой палове адскокамі, якія пазней пераўтвараліся ў “балы другога шанцу”. Акрамя таго, гаспадары амаль ідэальна выстрэльвалі з лініі штрафных, а таксамі мінімалізавалі колькасць страт. Нарэшце і ў абароне яны дзейнічалі выдатна. У прыватнасці, раз за разам вымушалі гасцей завяршаць наступ складанымі кідкамі праз руку.
У выніку адзіным негатыўным момантам у першай палове, якую “Цмокі” скончылі з перавагай у “+21”, сталі 3 заўвагі Міркавіча, што з улікам згаданага пашкоджання Грэя магло пакінуць нашу дружыну без першага нумара. Тым не менш, у астатні час Бранка гуляў карэктна, што дазваляла “Цмокам” падтрымліваць заданы да вялікага перапынку ўзровень. І калі ў трэцяй чвэрці розніца ў ліку амаль не змянілася, то ў апошняй пасля 5 балаў ад Лютыча і Семянюка гаспадары павялічылі адрыў да “+27”.
Такім чынам, наша дружына і ўвогуле зрабіла заяўку на самую буйную перамогу ў гісторыі выступленняў у міжнародных спаборніцтвах. Рэкорд, праўда, яны так і не пераўзышлі. Што, вядома, не расчаравала фанатаў. Асабліва з улікам таго, што на апошніх хвілінах дуэлі гаспадары нагадвалі ці то каманду НБА, ці то “Гарлем Глобтротэрс”. Некалькі прыгожых перадач (у тым ліку і ад Мараша, які ўвогуле адзначыўся трыпл-даблам), эфектных камбінацый і “паўэр-данкаў” у выкананні Семянюка ўпрыгожылі і без таго цудоўны вечар, а разам з тым і прынеслі “Цмокам” трэцюю перамогу ў Кубку ФІБА.
ЦМОКІ-МІНСК – КАМАРНА – 98:67 (31:14, 22:18, 18:17, 27:18)
Міркавіч (7 + 7 пас + 3 пер), Кудраўцаў (11), Хіліярд (31 + 9 пад), Мараш (12 + 14 пад + 10 пас), Семянюк (15 + 6 пад); Лашкевіч (8), Белянкоў (6), Ульянка (4), Лютыч (4), Грэй (н.в.)