• Чемпионат Беларуси по футболу
  • Биатлон
  • Хоккей
  • Футбол
  • Теннис
  • Баскетбол
  • Гандбол
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС


Віталь Зыблюк, Павел Свярдлоў,

Трэнер жаночай зборнай распавёў Еўрарадыё, што замінае біятлону стаць нацыянальным відам спорту, калі пад нашым сцягам перастануць выступаць замежнікі, а таксама назваў склад зборнай на першы этап Кубка свету. 

Таяў мінулагодні снег

Еўрарадыё: Апошні трэніровачны збор у нашых біятланістак адбыўся ў фінскім Вуакаці. Над чым там працавала каманда?

Адрыян Цыбульскі: Вуакаці — гэта ў нас напрацаваны варыянт. Снег там захоўваецца з мінулага года. Адпрацавалі спакойна, свабодна, без мітусні. Усё, што трэба было, зрабілі. Таму, відаць, у наступным годзе паўторым.

Еўрарадыё: Як увогуле праходзіць падрыхтоўка да сезону?

Адрыян Цыбульскі: Мы сёлета крыху адышлі ад стандартнага варыянту. Дагэтуль мы шмат гадоў запар ездзілі ў кастрычніку ў аўстрыйскі Рамзау. Але там вельмі шмат людзей збіраецца ў гэты час. Гэта высакагорны глетчар, там снег ляжыць круглы год, а ў кастрычніку ён дасягае добрай кандыцыі. І таму ўвесь народ там! Да таго ж невялікае стрэльбішча. І калі шмат каманд, у беларускай каманды часам не вельмі зручны расклад: мы страляем у абед ці пад вечар. Адна гадзіна на 15 чалавек!

Еўрарадыё: Дык што, беларусаў там не паважаюць?

Адрыян Цыбульскі: Не, там усе ў роўных умовах. І расклад трэніровак змяняецца, але калі ў Рамзау хаця б палова трэніровак прыпадае на нязручны час, парушаецца рэжым, і мне гэта не вельмі падабаецца. Таму сёлета мы вырашылі крыху змяніць план падрыхтоўкі, паэксперыментаваць. І паехалі ў фінскі Вуакаці.

Беларускі біятлон робіцца сапраўды беларускім

Еўрарадыё: Беларускія біятланісты рэгулярна апынаюцца на п'едэсталах міжнародных спаборніцтваў. Мы, натуральна, не Нарвегія і не Германія, але магчыма, біятлон і ёсць наш нацыянальны від спорту?

Адрыян Цыбульскі: Увесь час, пакуль я працую, мы да гэтага імкнёмся. Добра было б, каб біятлон стаў нацыянальным беларускім відам спорту! Але быў пэўны правал у 1990-я, калі мы ўпусцілі свае пазіцыі ў сусветным біятлоне. У той час пасля перабудовы, калі ўсё разбуралася... А цяпер, разумееце, падраслі тыя дзеці, якія ў той час павінныя былі ісці ў секцыі і пачынаць займацца біятлонам. Літаральна тры гады таму мы пачалі адчуваць вынікі той сітуацыі.

Еўрарадыё: То бок дзяцей у біятлонных школах тады не было?

Адрыян Цыбульскі: Натуральна. Я добра памятаю той час, сам працаваў тады ў дзіцячай школе. Інтарэсы ў дзяцей былі зусім іншыя. Піянерскія ідэалы абрынуліся, нічога новага не было. Раслі на малінавых пінжаках і г.д.

Еўрарадыё: Ці даспеў наш біятлон да таго, каб яго прадстаўлялі выключна нашы спартоўцы, а не "былыя" расіяне ці ўкраінцы?

Адрыян Цыбульскі: Станоўчая тэндэнцыя ёсць. І я думаю, што хутка мы ўвогуле адмовімся ад гэтай практыкі. Але гэта справа не аднаго дня... І свае таленавітыя спартоўцы, якія паспяхова могуць выступаць у Кубку свету, узрастаюць не адразу. Запрошаны расійскія спартоўцы дапамаглі запоўніць паўзу. Але, мяркуючы па выступах нашай моладзі, якой шмат і ў гэтым годзе, мы рухаемся наперад. Думаю, што ўсё будзе добра.

Уся моладзь, якую мы набралі ў каманду, уключна з дзвюма лыжніцамі, якіх мы сёлета запрасілі паспрабаваць сябе ў біятлоне, — яны ўсе гадаванцы нашых спартовых школ. Нашы, беларускія дзяўчаты. Хіба што Надзея Пісарава — выключэнне. Яна з Санкт-Пецярбургу, але гэта ўжо не саломінка, за якую мы схапіліся, як калісьці была Алена Зубрылава. Ёй проста спадабалася Беларусь, калі яна прыязджала сюды, і мы пайшлі насустрач яе жаданню трэніравацца ў нашай камандзе.

Еўрарадыё: Дык усё ж, чые прозвішчы неўзабаве загучаць на стадыёнах?

Адрыян Цыбульскі: Лыжніцы, якіх мы запрасілі, — гэта Насця Дубарэзава і Іра Нафрановіч. З імі трэніруецца Ала Толкач, Ірына Крыўко з моладзевай беларускай каманды. І, у дадатак, мы сфармавалі рэзервовую каманду з даволі маладых спартоўцаў. Бо юнакі пачатку 1990-х, як мы ўжо казалі, з біятлона выпалі. У рэзерве ў нас дзяўчаты 1994-1995 гадоў нараджэння. Ім, натуральна, будзе даволі цяжка прабіцца ў Сочы. Але — працуем на будучыню!

У біятлон дзеці прыходзяць у 11-12 гадоў, а то і пазней

Еўрарадыё: Ці ёсць у нашых дзяцей увогуле жаданне ісці ў біятлон?

Адрыян Цыбульскі: Гэта залежыць ад таго, наколькі паспяхова выступае зборная каманда. Калі мы добрыя вынікі паказваем, і па тэлевізары ўсе бачаць нашы перамогі — гэта для дзяцей вялікі стымул. І яны ідуць у секцыі, каб быць падобнымі на Дашу, на Сярожу і г.д.

Еўрарадыё: А ў якім узросце мае сэнс пачынаць займацца біятлонам? Ці спачатку лепш пайсці ў лыжны спорт? Што ўвогуле трэба, каб узялі ў біятлонную секцыю хлопчыка ці дзяўчынку, скажам, шасці гадоў?

Адрыян Цыбульскі: У секцыі ўсім дарога адкрытая, асаблівага адбору там не праводзіцца. Але ўжо пры пераходзе на наступную прыступку — гэта спартовыя вучэльні, інтэрнаты — пачынаецца адбор. Далей — зборная, і іспыты яшчэ больш складаныя. А што датычыцца ўзросту, дык 6 гадоў — гэта зарана. Дзеці ідуць у біятлон з 11-12 гадоў, а менавіта біятлонная спецыялізацыя, на маю думку, мусіць пачынацца яшчэ пазней.

Каб займацца кожным відам спорту, чалавек найперш павінен быць здаровым. І на пачатковым этапе дзіцячыя школы мусяць закладаць не ўменне працаваць з вінтоўкай, а вось гэтае абавязковае здароўе. Для біятлона — не толькі праз лыжныя гонкі. Патрэбныя і плаванне, і гімнастыка. І вось калі прыходзіць развіты падлетак — з ім можна пачынаць спецыялізацыю.

Еўрарадыё: Але рэзервісткам у нашай зборнай камандзе ўсяго па 16 гадоў! Атрымліваецца, яны толькі па 5 гадоў у біятлоне?

Адрыян Цыбульскі: Мы вымушаныя праглядаць дзяцей гэтага ўзросту. Гэта не азначае, што мы іх ужо ўзялі ў зборную і рыхтуем. Мы праглядаем і плануем іх працу над сабой — тую, якая, на нашу думку, дасць плён.

Еўрарадыё: Ці шмат у біятлоне залежыць ад трэнера? І, у прыватнасці, ад трэнера дзіцячага?

Адрыян Цыбульскі: Ад першага трэнера залежыць абсалютна шмат. Я сутыкаўся з тым, напрыклад, што вельмі складана паўплываць на тэхніку лыжнага ходу. Можна "зламаць", але да заканчэння кар'еры і нават пасля будзе добра бачна, хто ў каго вучыўся. Але галоўнае нават не гэта, а тое, ці навучаць трэнеры любіць свой спорт, старанна трэніравацца. Я не схільны абмяркоўваць працу іншых трэнераў. Але хачу сказаць, што ў нашай краіне і, у прыватнасці, у біятлоне мы імкнёмся змяніць падыходы да гадавання рэзерваў.

Еўрарадыё: А дзе рыхтуюць біятлонных трэнераў, як яны вучацца?

Адрыян Цыбульскі: Усё жыццё вучацца. Бо няма такой догмы: прыйшоў і даведаўся, што такое біятлон! У нас за год вельмі шмат змяняецца. Гэта ж тэхнічны від спорту! Змяняюцца падыходы да падрыхтоўкі стадыёнаў, лыжаў. Адпаведна, змяняюцца хуткасці. І ў выніку — тэхніка ходу. І са зброяй тое самае. Развіццё не спыняецца ніколі.

Еўрарадыё: Ці хапае ў краіне трэнераў па біятлоне?

Адрыян Цыбульскі: Я лічу, што чым больш трэнераў і юнацкіх спартовых школ — тым лепш. Але, зразумейце, іх ніколі не будзе хапаць! Таму і нашая федэрацыя, і СМІ, якія працуюць у спорце, мусяць прапагандаваць здаровы лад жыцця. Калі ўсе дзеці ў нашай краіне пачнуць займацца спортам — ды хаця б тым жа біятлонам! — гэта будзе вялікае дасягненне.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.


Асабістае жыццё беларускіх біятланістак — у інтэрнэце!

Еўрарадыё: Ці сутыкаюцца біятланісткі з фінансавымі праблемамі?

Адрыян Цыбульскі: Нават у Нарвегіі, дзе бюджэт біятланістаў не абмежаваны — бяры, колькі на развіццё трэба, — з фінансамі здараюцца праблемы. Мы таксама часам з імі сутыкаемся. Але на ўзроўні нацыянальнай каманды ўсе пытанні заўжды закрываюцца.

Праўда, ад старога "менталітэту", па якім пра нас нехта павінен клапаціцца, трэба сыходзіць як мага хутчэй. Трэба шукаць! І калі працуе федэрацыя, калі працуе міністэрства, трэнеры каманды, менеджары — фінансавае пытанне вырашаецца. А чакаць, пакуль нехта прыйдзе і скажа: вось вам грошы, працуйце, калі ласка, — гэта ў мінулым. Каманда ў нас у федэрацыі падабралася добрая: шукаем грошы, шукаем магчымасці... І знаходзім.

Еўрарадыё: Ці ёсць у жаночым біятлоне "дзедаўшчына"?

Адрыян Цыбульскі: Я спрабаваў прывіць унутраную канкурэнцыю. Але пакуль што, наадварот, я бачу жаданне старэйшых дзяўчын дапамагчы моладзі адаптавацца ў камандзе. Магчыма, пасля старту сезону, калі гэтая моладзь пачне наступаць "старажылам" на пяткі, што-небудзь і зменіцца.

Еўрарадыё: Наколькі напружаны графік трэніровак у нашых біятланістак? Ці хапае часу на асабістае жыццё?

Адрыян Цыбульскі: Спорт — гэта такая справа, што абавязкова мусіш чым-небудзь ахвяраваць. Ці выбіраць. І калі выбраў прафесійны спорт — пра асабістае жыццё трэба забыць. А хто імкнецца неяк сумяшчаць — звычайна нічога не дасягае.

Што ж да асабістага жыцця нашых дзяўчат — дык яно, наколькі я бачу, у іх усё ў інтэрнэце! Што зробіш, спорт наш звязаны з лыжамі, са снегам. Натуральна, шмат часу мы праводзім у камандзіроўках. Ад гэтага і танчым! Таму і асабістае жыццё, збольшага, віртуальнае. Гэта нават прытым, што сёлета мы зрабілі невялікае паслабленне, і адпачынак у нашых біятланістак быў крыху большы, чым звычайна, крыху больш яны пажылі дома. А з наступнага года пачнём закручваць гайкі. І працягнем гэты працэс да самай Алімпіяды ў Лондане.

Новы год біятланісткі сустрэнуць у Аўстрыі

Еўрарадыё: Што далей у планах зборнай?

Адрыян Цыбульскі: Вось скончыўся перыяд паміж зборамі, і з 5 лістапада каманда ізноў у Фінляндыі. Там палярная ноч, і нашы манатонныя трэніроўкі ў лесе даюцца спартсменкам даволі цяжка. А далей, без заезду дадому, пачынаем удзельнічаць у Кубку свету, які пачынаецца ў першы тыдзень снежня. Ён складаецца з 9 этапаў, і першы трыместр — Эстэрсунд у Швецыі, Хохфільцэн у Аўстрыі і Паклюка ў Славеніі.

Пасля — літаральна тыдзень перапынку дома, і ізноў едзем у Аўстрыю — рыхтавацца да другога трыместру. Там святкуем Новы год. Святкуем да 12 гадзінаў і кладземся спаць!!! Бо зусім хутка ў Аберхофе пачынаецца жаночая эстафета.

Еўрарадыё: Навагоднія зборы адбываюцца ў Аўстрыі недзе недалёка ад Аберхофа?

Адрыян Цыбульскі: Так, пераезд хуткі, і гэта вельмі зручна. Дарэчы, ужо чатыры разы мы з камандай сустракалі Новы год у Аўстрыі, і сёлета будзе пяты.

Еўрарадыё: Ці можаце зараз раскрыць карты, хто будзе стартаваць на першым этапе ў Эстэрсундзе?

Адрыян Цыбульскі: Гэта сказаць нескладана, бо не ўсе могуць стартаваць на першым этапе. Некаторым трэба спярша прайсці кваліфікацыю на Кубку IBU. Таму адны паедуць туды, а іншыя — на этап Кубка свету. Пасля вераснёўскага кангрэсу ў нас зменшылася квота: замест 6 дзяўчат на старт выйдзе 5, а ў хлопцаў 4 замест 5. Нашы 5 чалавек — гэта Домрачава, Калінчык, Скардзіна і Ала Толкач. А па пятай дзяўчыне будзем вызначацца пасля Бейтастолена [першы этап Кубку IBU 2010/11. — Еўрарадыё]. Калі паспеем пераехаць адтуль у Эстэрсунд і дазаявіць каго-небудзь — будзе 5 чалавек. Калі не — на першым этапе Кубку свету будуць стартаваць чатыры беларускі.

Еўрарадыё: З чым звязана тое, што паменшылася квота беларускай зборнай?

Адрыян Цыбульскі: Квоты зменшыліся не толькі ў нас, але ва ўсіх! Справа ў тым, што тэлеканал "Еўраспорт" заўжды патрабаваў зменшыць колькасць удзельнікаў этапаў Кубка свету. 100 чалавек для іх — зашмат, бо лідары сезона ў біятлоне звычайна стартуюць у пачатку, і людзі, паглядзеўшы на іх, пачынаюць пераключацца на іншыя каналы, не даглядаюць хвост трансляцыі. Па колькасці ўдзельнікаў Міжнароднай федэрацыі біятлону і "Еўраспорту" заўжды даволі складана знайсці кампраміс. 

-10%
-9%
-25%
-30%
-40%
-5%
-10%
-14%
-10%
0070610