Футбол


У нядзелю ўвечары футбольная маладзёжка вярнулася ў Мінск. Нашыя футбалісты ўпершыню ў гісторыі сталі трэцімі на чэмпіянаце Еўропы і атрымалі пуцёўку на Алімпіяду ў Лондан.

На думку галоўнага трэнера Георгія Кандрацьева, у каманды шмат чаго не атрымлівалася падчас кантынентальнага першынства. Але ўсё адно выступ атрымаўся добрым.

2 гульні прайгралі - бывае ў любой каманды. Турнір невялікі, хуткі. Да хлопцаў прэтэнзій не маю, яны біліся нават у прайграных сустрэчах. Яны зрабілі нашмат болей, чым маглі. З усіх гульняў найбольш спадабаўся другі тайм з чэхамі. Гэта моцная каманда, але мы іх проста раздавілі. Не магу нікога асабліва вылучыць. Але ў кожнай гульні Аляксандр Гутар быў на вышыні. І ўсе астатнія таксама”.

Кандрацьеў кажа, што персанал у гатэлі хваляваўся за каманду і радаваўся пасля кожнай удалай гульні. А больш за ўсё трэнера ўразіла шчырасць людзей.

Данія мне вельмі спадабалася. Раней думаў, што лепшая краіна - Новая Зеландыя, а цяпер думаю, што лепшая краіна ў свеце - Данія. Усё запомнілася. Наколькі людзі жывуць. Мы выжываем, а яны жывуць”.

Хто з гульцоў паедзе на Алімпіяду, галоўны трэнер зборнай казаць не бярэцца, бо не ведае, ці застанецца сам у камандзе.

Магчыма, я не буду працаваць з алімпійскай камандай. У мяне заканчваецца кантракт у канцы месяца. Я працаваў тры з паловай гады амаль за бясплатна. Цяпер сказаў, што болей бясплатна працаваць не буду. Пакуль мне нічога не прапаноўвалі. Ці зменіцца нешта - пытанне не да мяне”.