
На "Стад дэ Франс" беларускім гульцам свяцілі лазерам у вочы. Сяргей Карніленка пасля гэтага не забіў пенальці. Святло лазера бачылі нават з лавы запасных. Арбітр Вадзім Жук кажа, што ФІФА абавязанае разабрацца ў сітуацыі.
Футбольная зборная Беларусі 11 верасня прайграла ў Парыжы Францыі - 1:3. З тэлевізійнай трансляцыі было відаць, што лазарам свяцілі ў вочы і галкіперу нашай каманды Сяргею Верамко.
“Мы таксама бачылі гэтыя прамяні, - распавядае Еўрарадыё брамнік зборнай Беларусі Аляксандр Гутар. - На маёй памяці такога яшчэ не было!” На матчы з Францыяй вароты беларусаў абараняў яго калега Сяргей Верамко. Якой жа сілы былі лазерныя прамяні, калі іх было добра бачна нават з лавы запасных?
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандраццеў абмеркаваць эпізод з футбалістамі не паспеў - тыя вылецелі з Парыжа яшчэ ўночы. Спецыяліст таксама бачыў, як у вочы Сяргею Карніленку свяцілі лазерам: “Безумоўна. Калі яму ў вока трапіла, магло перашкодзіць прабіць пенальці”.
Георгій Пятровіч вельмі не задаволены не толькі паводзінамі французскіх гледачоў, але і судзействам.
“Калі так вось шчыра - я не задаволены судзействам у абедзвюх гэтых сустрэчах, асабліва ў Тбілісі. А гэтыя ўсе справы… Ну, натуральна, да нас ставяцца не вельмі добра. Нельга, каб над намі здзекаваліся, прыніжалі нас. Я не толькі пра футбол”.
Эпізод на просьбу Еўрарадыё каментуе вядомы беларускі арбітр Вадзім Жук: “Складана сказаць, ці паўплываў лазерны прамень на ўдар Карніленкі. Але без увагі ФІФА гэта адназначна не застанецца. Для гэтага на матчы прысутнічае дэлегат, які ацэньвае арганізацыю, бяспеку і правядзенне матча. І ён напэўна ў сваіх рапартах напіша пра гэты выпадак. ФІФА запросіць тлумачэнні ў суддзі. І, калі суддзя падцвердзіць гэта, будуць прынятыя дысцыплінарныя санкцыі ў дачыненні да французскай Федэрацыі футбола”.
Такім чынам, разбіральніцтва пачнецца і без нейкіх адмысловых зваротаў з боку беларускіх футбалістаў, трэнераў ці футбольнай федэрацыі.