
Цікавая рэч – прадчуванне. Здаецца, ніякіх сур’езных падстаў для негатыўных прагнозаў, заснаваных на канкрэтных свежых фактах, не было. Тыя ж іспанскія “0:5” ад Барселоны ні пры чым – дрэнная статыстыка і ўсе. Са складам у БАТЭ праблем ніякіх, з матывацыяй – таксама, фактар свайго поля, сапернік вядомы і знаходзіцца ў крызісе і г.д. Аднак у прыватных размовах вельмі часта можна было пачуць – “Вось убачыце – прайграюць!” Шчыра кажучы, і сам лавіў сябе на падобных думках і задаваўся пытаннем – адкуль яны?
Хутчэй за ўсе, падмуркам для такога настрою было ўсведамленне таго факту, што як ні круці, а першае месца ў групе Лігі чэмпіенаў для беларускага футболу – гучная сенсацыя. А гэта пры ўсіх прыемнасцях сведчыць, што такі парадак – выключэнне з правілаў. Дастаткова працяглы турнір, якім з’яўляецца групавы этап, любіць стабільнасць вынікаў.
“Валенсія” была самым небяспечным сапернікам не толькі таму, што ёй трэба было абавязкова перамагаць, а таму што ў адрозненні ад “Ліля” і “Баварыі” яна дакладна ведала, з кім гуляе – яна гуляе з лідэрам. А стаўленне да лідэра істотна адрозніваецца. Яго вывучаюць, шукаюць слабыя месцы і настрайваюцца належным чынам. І сам лідэр павінен быць да гэтага падрыхтаваны. У класнай каманды абавязкова есць некалькі планаў на гульню, асабліва ў выпадку непажаданага развіцця падзей. Матч трэцяга тура паказаў, што ад вопыту лідэрства ў беларускім клубным футболе на вялікай еўрапейскай сцэне карысці ня шмат.

Памылкі ў паўабароне, якія мы бачылі яшчэ ў першым тайме, і пра якія потым гаварыў Віктар Ганчарэнка; тое, што не ўдалося адкрыць лік, – не гэта асноўныя прычыны няўдачы. БАТЭ пасля першага голу Сальдада не змог перабудавацца, выйсці на другі тайм з канкрэтным адказам на такі выклік. Назіралася, асабліва ў абароне, адваротная тэндэнцыя – дэструктыў, які адразу нагадаў не самыя лепшыя матчы беларусаў з іспанцамі.
Мы прайгралі таму, што нас упершыню па-сапраўднаму ўспрыняла ўсур’ез такая насмарэч класная каманда, як “Валенсія”. І гэтае паражэнне – болей каштоўны вопыт, чым перамога над "Баварыяй". Сапраўдны рост адбываецца толькі на такіх уроках. Мы зноў даведаліся, што ўзысці на вяршыню і ўтрымацца на ей – розныя рэчы. Што быць лідэрам – гэта не толькі ўвага ўсей футбольнай Еўропы. Гэта перш за ўсё ўвага саперніка, які падрыхтуецца як след. Ты павінен гэтае ведаць і быць гатовым да ўсяго, што прапануе табе гульня за паўтары гадзіны. Бо ты – лідэр.