• Биатлон
  • Хоккей
  • Футбол
  • Теннис
  • Баскетбол
  • Гандбол
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС


Клім Халецкі, фота Анна Іванова,

Яны не будуць збіраць поўных стадыёнаў, але заўжды будуць біцца да канца. З 2008 года ў Віцебску існуе каманда па міні-футболе сярод татальна сляпых спартсменаў. 34mag з’ездзіў да іх на трэніроўку.

"Гэта нашы сляпыя футбалісты"

 
З распранальні віцебскага палаца спорту "Камсамолец" шэрагам выходзяць сем чалавек у футбольнай форме. Іх рукі ляжаць на плячах адзін аднаго, на вочы нацягнутыя "маскі для сну". Хлопцы хутка прабягаюць па гранітнай падлозе калідора і падымаюцца па лесвіцы ў спартзалу. Бабуля-вахцёрка праводзіць позіркам незвычайную кампанію і з гонарам у голасе кажа нам: "Гэта нашы сляпыя футбалісты".
 
Мы на трэніроўцы віцебскай каманды па міні-футболе сярод татальна сляпых спартсменаў. Усяго ў залітай скупым восеньскім сонцам зале дзевяць чалавек, пяцёра з іх гэтага сонца не бачаць. Настаўнік каманды Алег Кірылаў дзеліць футбалістаў на пары і пачынае трэніроўку. Паралельна ён тлумачыць нам правілы, паводле якіх невідушчыя гуляюць у міні-футбол.
 
Гульня доўжыцца два таймы па 25 хвілін. Памер поля – звычайны міні-футбольны, уздоўж пляцоўкі стаяць высокія мяккія борцікі. У кожнай камандзе пяць чалавек: чацвёра сляпых і відушчы брамнік. Форма звычайная, акрамя адной дэталі – павязкі на вачах, якая абараняе шматпакутныя вочы гульцоў ад пальцаў супернікаў.

 
Першы нацыянальны чэмпіянат па футболе для сляпых правялі іспанцы ў 1986 годзе. Праз 18 гадоў у Афінах "сляпы футбол" дэбютаваў на Паралімпійскіх гульнях, а напрыканцы нулявых дакаціўся і да Беларусі.
 
Адна з фішачак – мяч-бразготка. У яго зашытыя капсулы з адмысловымі падшыпнікамі, таму ён цяжэйшы за звычайны. Калі мяч коціцца, то выдае выразны гук, на які і арыентуюцца спартоўцы
 
Брамнікі дапамагаюць і падказваюць абаронцам, але не могуць пакідаць межаў штрафной пляцоўкі. Акрамя таго, у гульні бярэ ўдзел трэнер і "гід". Першы падказвае футбалістам у цэнтры поля, другі – стаіць за брамай і працуе наводчыкам для форвардаў. Яшчэ адна асаблівасць – футбалісты павінны пазначаць сваю прысутнасць на полі, гучна і выразна вымаўляючы слова "Вой" ("іду" па-іспанску), каб футбол не ператварыўся ў хованкі.

"Юра, браму перанеслі, адказваю!"

 
"Юра, браму перанеслі, адказваю!" – кпяць адзін з аднаго гульцы. Цяпер яны адпрацоўваюць пенальці. Сляпыя футбалісты трапляюць у браму з зайздроснаю для Кержакова рэгулярнасцю. Але трэнер асаблівага захаплення не выказвае і тлумачыць гульцам іх памылкі.

"Калі людзі прыходзяць да нас на трэніроўку першы раз, адразу пачынаюць шкадаваць хлопцаў, – распавядае Кірылаў. – Але ім вашыя жаль і слёзы не патрэбныя. Ім патрэбныя перамогі, спорт, барацьба, радасць, каханне. Вядома, я разумею іхны стан здароўя і часам па-бацькоўску спачуваю. Але пры гэтым выстаўляю нармалёвыя спартовыя патрабаванні. Хлопцы адчуваюць, што я з імі на роўных, і давяраюць мне".
 
Сам Алег Кірылаў – прафесійны футбольны трэнер. Асноўная яго праца – футбольная секцыя ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. З невідушчымі футбалістамі ён, як і ўсе здольныя бачыць удзельнікі трэніроўкі, працуе як валанцёр. Пляцоўку для трэніровак дапамаглі знайсці ягоныя сябры, адмысловыя мячы Кірылаў навучыўся рабіць сам, хлопцаў на трэніроўкі адвозіць на сваёй машыне або сустракае на прыпынку разам з калегамі.
 
"Я вырас у сям’і глуханямых і ведаю, як сябе трэба паводзіць. Яшчэ я ведаю, што калі я не буду гэтым займацца, то футбол для сляпых у нашай краіне так і застанецца на ўзроўні самадзейнасці", – рашуча кажа трэнер.

 
Наогул, паводле даўняй беларускай традыцыі, дзяржава ў нас падтрымлівае толькі тыя віды спорту, што прыносяць медалі на спаборніцтвах.

У паралімпійскіх дысцыплінах гэты закон працуе з падвоенай сілай: спортам "інвалідаў" асабліва не цікавяцца.
 
"Каманду мы стварылі ў 2008 годзе на ініцыятыву Паралімпійскага камітэта, – успамінае Кірылаў. – З тых часоў некалькі разоў гулялі ў Расіі, правялі шмат мясцовых спаборніцтваў, а ў 2009 годзе з’ездзілі на чэмпіянат Еўропы. Хацелася б часцей выбірацца, але няма грошай нават на дарогу. У Міністэрстве спорту кажуць, што грошы будуць, калі мы заваюем медалі".
 
Футбалісты тым часам дзеляцца на дзве каманды і пачынаюць гульню. У асноўным яна заключаецца ў вядзенні мяча дзвюма нагамі і жорсткай барацьбе. Хлопцы крычаць, ускідваюць рукі ўверх і адчайна лупяць па браме. Часам дэманструюць проста фантастычныя рэчы: аддаюць дакладныя перадачы адзін аднаму метраў на сем. Часам губляюць мяч і дзякуючы падказкам трэнера спрабуюць адшукаць яго на полі, сутыкаючыся ілбамі.
 
"Футбол развівае ўменне арыентавацца на полі, а гэта дапамагае арыентавацца і ў горадзе, – распавядае 26-гадовы Дзіма, які ў чатыры гады з-за грыпу пачаў губляць зрок, а ў шэсць ужо нічога не бачыў. – Я наогул дзякуючы футболу выйшаў з хаты. Раней мне хадзіць асабліва не было куды, а шпацыраваць проста так я не люблю. Цяпер я не баюся людзей і самастойных падарожжаў. Вось за апошні час з’ездзіў у Ялту, Піцер, Растоў-на-Доне".

"Сядзець дома і плакацца, што я інвалід, – не для мяне"

 
Напрыканцы гульні на полі праліваецца першая кроў. Сутыкненняў і траўмаў тут наогул больш, чым у звычайным футболе. Пакуль трэнер апрацоўвае баявыя раны ахвяры, усе цярпліва чакаюць аднаўлення матчу.
 
Усяго ў віцебскай камандзе восем гульцоў. Яны – пераможцы рэспубліканскага чэмпіянату па міні-футболе і аснова нацыянальнай зборнай. Астатнія каманды – аматары са спецыялізаваных прадпрыемстваў, сярод гульцоў там нават сустракаюцца не цалкам невідушчыя футбалісты, а людзі з вельмі слабым зрокам. 
 
Амаль ніхто з віцебскіх футбалістаў не быў сляпым з нараджэння. Усе калісьці бачылі, але з-за хваробы або нейкай жудаснай выпадковасці страцілі зрок. Шмат хто яшчэ памятае, як гуляў у футбол у дзяцінстве-юнацтве і, просячы пас, паднімае ўверх руку. Але нават у такія моманты, калі ты назіраеш за гульнёй, не адчуваеш трагізму і безвыходнасці. Толькі павагу да хлопцаў, веру ў магчымасць немагчымага і злосць, што дзяржаве хапае грошай на БРСМ, але не хапае на сляпых футбалістаў.

 
"Ёсць шмат фізічна паўнавартасных людзей, у якіх у 30 гадоў трасуцца рукі і заплываюць тлушчам мазгі, – распавядае Кірыл, які акрамя футбола сур’ёзна займаецца яшчэ і галболом. – Так, я не бачу, не магу без праблем зрабіць шматлікія элементарныя рэчы. Але я магу пяць разоў на тыдзень схадзіць у спартзалу і сустрэцца тут з сябрамі. А калі ёсць такі шанец, трэба ім скарыстацца. Сядзець дома і плакацца, што я інвалід, – не для мяне".
 
...Са спартзалы палаца спорту "Камсамолец" выходзіць шэраг з сямі чалавек. Яны хутка прабягаюць пад усюдыісным партрэтам прэзідэнта і заходзяць у распранальню. Трэнер распавядае нам, што плануе сысці з асноўнай працы і трэніраваць толькі сляпых. У яго ўжо ёсць дамоўленасць з палацам спорту, а ў саміх футбалістаў ёсць жаданне трэніравацца "хоць бы пяць разоў на тыдзень". Засталося вырашыць юрыдычныя пытанні і знайсці грошы. Я сыходжу з трэніроўкі ўпэўненым, што амбітныя мэты яны рэалізуюць. Бо хлопцы ўжо шмат разоў даказалі, што немагчымае – гэта не прысуд, а выклік. Перамога непазбежная.

Цалкам фотарэпорт глядзі тут >>>
-10%
-50%
-50%
-45%
-10%
-10%
-14%
-15%
-10%
-50%
-30%
0066429