
“Настроение перед Лигой чемпионов у нас, как всегда, хорошее". Гэта праўда. З Віктарам Ганчарэнкам складана не згадзіцца. Іншая справа – настрой пасля Лігі чэмпіенаў…
Вынік самых адказных матчаў з "Валенсіяй" прымусіў нас пакінуць эйфарычны стан першых двух тураў і спакойна зірнуць на сітуацыю. Таму, магчыма, і гэтае паражэнне ад "Ліля" ўспрымаецца як факт, без трагічнага налету. Тым больш што турнірнай задачы госці "Дынама" не вырашылі. Аднак і весяліцца з пункту гледжання прагрэсу ў гульні падстаў няма. Ганчарэнка не хаваў, што "поединки с "Валенсией" мы проанализировали, сделали выводы". Цудоўна. І, трэба меркаваць, калі б у пятым туры барысаўчане гулялі з валенсійцамі, мы б, напэўна, убачылі вынікі гэтых "выводов". Аднак – вось бяда – давялося сустрэцца не з імі, а з "Лілем", які да таго па-французску напышліва прыехаў за перамогай у неаптымальным складзе. І перамог…
Зноў прапусцілі першымі і зноў не знайшлі адказу на выклік.
Часта можна пачуць, што ледзьве не асноўная прычына апошніх лігачэмпіёнаўскіх няўдач БАТЭ – гэта стомленасць напрыканцы сезону. І людзі, якія такім чынам спрабуюць апраўдаць ужо трэцюю паразу запар, самі таго не разумеючы, сур'ёзна зневажаюць трэнерскі штаб. Атрымліваецца, што барысаўскія генералы, якія не без поспеху стараюцца працаваць па-сучаснаму сістэмна, з канкрэтным планам падрыхтоўкі на сезон, не змаглі падвесці сваю армію да самых важных сражэнняў у належнай форме. Наўрад ці з гэтым можна пагадзіцца – па многіх статыстычных паказчыках, якія засноўваюцца на "фізухе", БАТЭ часта быў на ўзроўні саперніка. А вось іншая статыстыка – асабліва тая, што датычыцца галоў у мінус – прымушае задумацца.

На групавой стадыі ні адзін матч наш чэмпіён не згуляў на "нуль". У лік неабавязковых галоў апошняй сустрэчы можна з жаданнем запісаць хіба прыгожы мяч, забіты здалёк Джыбрылем Сідзібе. І тое, у элітных камандах звычайна праводзяць разборы на тэму, маўляў, "чаму далі прабіць ля мяжы штрафной і хто вінаваты". А вось гол Джанні Бруна цалкам на сумленні абароны. Любая выніковая перадача ў раёне ўратарскай – гэта хіба "смотрящих" па гэтаму "району".
У такім выпадку можна разлічваць толькі на ўласную выніковую атаку. Што у нас там? Два галы за тры матчы…
Адваротны прыклад – дэбютант Лігі чэмпіёнаў "Малага". Каманда далёка не зорка, але можа пахваліцца самай трывалай лініяй абароны ў турніры! Як вынік – першае месца ў групе і датэрміновы выхад у плэй-офф. Класная абарона вырашае. Пра гэта ніколі не трэба забывацца.
Наперадзе Мюнхен і яго вядомая чырвона-сіняя арэна, якая ўжо зараз пужае многіх кашмарам рознай ступені сілы. Наперадзе, у рэшце рэшт, Ліга Еўропы. Есць над чым і дзеля чаго працаваць.
І як ні круці, усё ж такі здорава мець магчымасць меркаваць і старацца зразумець, што нам перашкодзіла дабіцца поспеху ў матчах асноўнай сеткі галоўнага клубнага турніру свету з не самымі апошнімі камандамі Іспаніі і Францыі! Праўда ў тым, што на дадзены момант БАТЭ – наш чэмпіён і лідэр. Ён як беларускі павільён на выставе дасягненняў еўрапейскага клубнага футболу. І мы проста жадаем, каб у будучым аднойчы маглі сказаць: "Настроение после Лиги чемпионов у нас, как всегда, хорошее"!