Падапечныя Уладзіміра Курнева ў знак пратэсту супраць запазычанасцяў па зарплаце на 10 хвілін затрымалі пачатак чарговага матчу.
У гэты час заўзятары пару разоў крыкнулі: "Сумар [губернатар вобласці - НН], выходзь", паведамляюць чытачы НН.
Некалькі заўзятараў таксама залезлі на дах.
Форвард "Дынама" Мікалай Сігневіч, які забіў гол, пракаментаваў football.by рашэнне гульцоў затрымаць пачатак паядынку:
"Кіраўніцтва прасіла нас не затрымліваць гульню, але гэта рашэнне было прынята даўно ўсёй камандай. Мы з аднаго боку разумеем наша кіраўніцтва, аднак і яно павінна нас разумець. Чатыры месяцы не плаціць зарплату — гэта ненармальна.
Так, былі нейкія сходы, але каманда ўсё роўна вырашыла затрымаць гульню.
Прычым, гэта агульнае меркаванне: і гульцоў, і трэнерскага штаба.
Трэба было затрымаць матч. Думаю, пасля гэтага хоць нейкія зрухі пачнуцца, сітуацыя стане паляпшацца", — сказаў Мікалай Сігневіч.