Абвешчаны склад журы сумеснага творчага конкурса АБФФ ды «Арт Сядзібы».

Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» абвяшчаюць пра працяг прыёму заявак на творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол».

«Мы атрымалі вялікую колькасць лістоў ад музычных гуртоў з просьбай працягнуць дэдлайн прыёму заявак на конкурс і вырашылі задаволіць пажаданні. Дасылайце свае музычныя кампазіцыі да 1 студзеня 2017 году на e-mail: artsiadziba@gmail.com.

Мы не абмяжоўваем удзельнікаў конкурса ў музычных стылях і фарматах. Поўная воля творчасці і праяўлення музычна-паэтычных талентаў. Чакаем песні па-беларуску з патрыятычным зместам. Мы чакаем ад вас песні, якія падымаюць дух, якія могуць гучаць на стадыёнах падчас футбольных матчаў. Усё, што аб’ядноўвае беларускую мову, беларускі футбол і беларускую музыку: спачатку збіраем, пасля слухаем і спяваем разам!", — гаворыцца ў рэлiзе АБФФ.

Абвяшчаем склад журы, што будзе ацэньваць удзельнікаў конкурса:

Арцём Быкаў - футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе;

Дзмітрый Герчыкаў - намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар;

Кірыл Клімянкоў - журналіст, рэдактар парталу sport.tut.by;

Алесь-Францішак Мышкевіч — музыка гуртоў The Superbullz і «Крамбамбуля»;

Арцём Лук’яненка — удзельнік гурту NAVI, суаўтар афіцыйнага саундтрэку нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.

Праект будзе доўжыцца да вясны 2017 году і будзе складацца з шасці этапаў.

Першы і асноўны этап — гэта музычны конкурс, на які да 1 студзеня прымаюцца песні на беларускай мове адпаведна тэмам:
— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных каманд і наведванне фубольных матчаў;
— патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя дасягненні;
— спалучэнне беларускай мовы і спорту.

Наступныя этапы:

— запіс песень-фіналістаў на прафесійнай студыі;
— вызначэнне пераможцаў адмысловым складам журы, слухачамі ў сацыяльных сетках і на сайтах інфармацыйных партнёраў, на адборачных канцэртах у кафэ-клубе «Грай»;
— падрыхтоўка і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа;
— музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу, прэзентацыя песень і дыска, узнагароджванне пераможцаў;
— распаўсюд песень у інтэрнэце, на радыё, у межах спартовых і культурных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола і культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба».

Беларускамоўныя песні на конкурс з пазнакаю «Мова — Музыка — Футбол» прымаюцца ў фарматах аўдыё і відэа да 1 студзеня на e-mail: artsiadziba@gmail.com у трох варыянтах:

— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся (ці не публікаваліся);
— дэма-запісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы);
— чарнавікі (песні, запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэа-запісы з выкананнем песні).

Па вынiках будуць вызначаныя тры пераможцы

1 месца — здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай,

2 месца — студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё;

3 месца — студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекта.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях «Глядацкія сімпатыі», «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар Белакрылых». Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай футбольнай зборнай, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры і іншыя памятныя падарункі. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова — Музыка — Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з творамі ўдзельнікаў конкурсу, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі пра футбол і для футбола.

-21%
-20%
-15%
-15%
-20%
-35%