Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Футбол


Творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол» уваходзіць у моц. Да канца тыдня будзе працягвацца галасаванне. Сення ж пра свой выбар распавядуць прадстаўнікі журы, што паходзяць з футбольнага свету.

Нагадаем, што арганізатары атрымалі 20 твораў як ад маладых гуртоў і выканаўцаў, так і прафесійных музыкаў з розных куткоў Беларусі. У наступны этап прайшлі 11 песень, якія былі дапрацаваны, а некаторыя з нуля запісаны ў прафесійнай студыі.

Цяпер, у наступным этапе праекта, звычайныя слухачы разам з запрошаным журы вызначаюць шэсць лепшых песень, што пройдуць у паўфінал.

Галасаванне будзе доўжыцца да 26 сакавіка. Паралельна з народным галасаваннем будзе адбывацца і галасаванне запрошанага журы.

Як выбіраецца шасцёрка паўфіналістаў?

Па выніках народнага галасавання будзе вызначаны рэйтынг песень ад 1 да 11, адпаведна песня, якая будзе на першым месцы, атрымае 11 балаў, а на 11-м — 1 бал. Такім жа чынам кожны ўдзельнік журы складзе свой асабісты рэйтынг, які разам з каментарыямі будзе таксама апублікаваны. З гэтых меркаванняў будзе складзены выніковы рэйтынг журы. Балы журы і народнага галасавання ў прапорцыі 50 на 50% будуць складзеныя, і мы атрымаем агульны рэйтынг.

Шэсць песень і іх выканаўцы будуць падзелены на два паўфіналы. У красавіку паўфіналы-канцэрты пройдуць у мінскім клубе «Грай». Па выніках канцэртных выступаў напрыканцы кожнага з двух мерапрыемстваў журы разам з гледачамі вызначыць фіналістаў. Два фіналісты і пазмагаюцца за галоўныя прызы.

Пераможцу вызначыць пашыраны склад журы з футбалістаў, музыкаў, музычных крытыкаў, вядомых людзей Беларусі, якія на камеру будуць агучваць свой выбар. Відэа з вызначэннем пераможцы ўсе ўбачаць на святочным канцэрце.

Пераможцы, прызёры і ўладальнікі спецыяльных прызоў будуць абвешчаны на вялікім фінальным канцэрце, які пройдзе напрыканцы траўня. Акрамя выступлення пераможцаў і запрошаных зорак, на мерапрыемстве адбудзецца прэм’ера кліпа для лепшай песні і прэзентацыя музычнай складанкі «Мова — Музыка — Футбол» з песнямі па-беларуску, прысвечанымі футболу, якія стварылі беларускія музыкі за 26 гадоў незалежнасці Беларусі.

Склад журы:

Арцём Быкаў — футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе;

Дзмітрый Герчыкаў — намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар;

Кірыл Клімянкоў — журналіст, рэдактар партала SPORT.TUT.BY;

Алесь-Францішак Мышкевіч — музыка гуртоў The Superbullz і «Крамбамбуля»;

Арцём Лук’яненка — удзельнік гурта NaviBand, суаўтар афіцыйнага саундтрэка нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.

Сення пра свой выбар распавядуць прадстаўнікі журы, што паходзяць з футбольнага свету.

Артем Быков. Фото: ФК "Динамо-Минск"
Артем Быков. Фото: ФК «Динамо-Минск»

Арцём Быкаў, футбаліст клуба «Дынама Мінск», неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі па футболе

Увогуле з беларускіх гуртоў з прыхільнасцю вылучаю «Брута», «Ляпісаў», «Без Білета», НРМ, «Нестандартный вариант». Таму мой выбар можа каму і падасца крышку своеасаблівым. Адразу хачу выбачыцца: нікога з удзельнікаў не жадаў пакрыўдзіць. Рэйтынг — выключна мае суб’ектыўныя прыярытэты. Абапіраўся пры фарміраванні спіса на ўласныя густы і звяртаў увагу не толькі на музыку, але і на словы, і стыль песень.

1. Cталiца Маrsа — На футболе

Добрая песня для людзей, што завіталі на футбол. Упэўнены, і нам прыемна будзе пачуць такі драйвовы трэк падчас размінкі.

2. Mashin' Gun — Першы!

Музыка, якая заводзіць. Без залішніх словаў, атмасферная. Таксама магу ўявіць, як яе ставяць перад гульнёй.

3. Laurynienka — Гэй, малады!

Трэк чымсці нагадаў мне гурт «Ленінград». Выбітны мэсэдж для новай генерацыі, маладых людзей ды і ўвогуле для ўсіх нас.

4. Міп-бэнд — Будзеш першым!

Стары добры рэгі. Больш дае магчымасць расслабіцца, чым заводзіць, але пасыл вельмі прыемны.

5. Антон Шахорскі — Сонца

Нейкі знаемы матыў — быццам дзесьці яго ўжо чуў. Добрая песня. Уяўляю, як яна спяваецца ў добрай кампаніі ля вогнішча.

6. Хведар Грувіч — Пераможная

Вясёлы матыў, які чымсці нагадаў народную песню, але, на мой густ, крышку не хапае трэку драйва.

7. Кацярына Блоцкая — Пераможам!

Ну вось гэта ўжо сапраўдная народная песня. Крышку несучасная, як падаецца. Але ўсё роўна прыемны трэк. Магчыма, спадабаецца маім бабулі ды дзядулі.

8. Адась Грыневіч-Матафонаў — Перамога

Ненадакучлівая песня, але малавата футбола.

9. Сразу Май — Небасхiл

Вылучаецца сярод астатніх — і гэта відавочна. Зусім мала футбола.

10. Ferris Wheel — Заўсёды наперад!

Непасрэдна музыка спадабалася, але словы вельмі часта паўтараюцца. Мне такі гіпнатычны эфект не вельмі лёг на слых.

11. Ліс і Лес — Крывічы

Калі казаць шчыра, то проста не вельмі спадабалася.

Дзмітрый Герчыкаў, намеснік старшыні дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ, спартыўны каментатар

Калі казаць пра музыку, то ў маім плэй-лісце пераважная большасць трэкаў звязана з металам. Увогуле люблю нізка настроеныя гітары і іх драйв. Таму даволі складана было сфарміраваць свой рэйтынг, бо «цяжкага» у нашым конкурсе было не так і шмат. Таму давялося паламаць галаву над выбарам. І вось якім ён атрымаўся.

1. Laurynienka — Гэй, малады!

Файны рок, цудоўныя словы, забойная энергетыка — усё як мае быць у футбольным гімне, на мой густ.

2. Cталiца Маrsа — На футболе

Ноткі брыт-попаўскага флёру запэўнілі, што гэты трэк павінен быць у топ-3 спіса. Пры праслухоўванні ўзнікае прыемны візуальны рад футбольных асацыяцый.

3. Сразу Май — Небасхiл

Разумею, што футбольнага ў песні мала, але сама асноўная тэма пераважыла ўсе недахопы лірыкі. Ды і апрацоўка падалася вартай высокай ацэнкі.

4. Mashin' Gun — Першы!

Прывабіў нестандартны падыход да футбольнай тэматыкі пры дапамозе жаночага вакалу. Ды і ўвогуле «зайшло» на фоне шэрагу больш «папсовых» матываў.

5. Ліс і Лес — Крывічы

Такое ўражанне, што спявае нейкі «дух футбола» ці то яго сучасны аналаг. Прыемны, роўны і бадзёры трэк.

6. Адась Грыневіч-Матафонаў — Перамога

Просценька, але з густам. Той выпадак, калі песня кладзецца на вуха і не стамляе да сваей коды.

7. Міп-бэнд — Будзеш першым!

Песенька для паўзы паміж першым і другім таймамі гульні. Якраз каб можна было крышку адпачыць, аднавіць эмоцыі ды паглядзець саперніку ў вочы пасля перапынку ўжо з гатоўнасцю яго перамагчы.

8. Ferris Wheel — Заўсёды наперад!

Былі б больш разгнорнутымі тэзісы ў лірыцы, безумоўна, паставіў бы песню больш высока. А так магу толькі сказаць, што, на маю думку, патэнцыял трэка не выбраны цалкам.

9. Хведар Грувіч — Пераможная

Не атрымалася скласці нейкае цэльнае ўражанне ад песні. Ці то рваны рытм перашкодзіў, ці то нешта ў самой тэме. Адчуваецца праца аўтара і спроба звярнуцца да арыгінальнай формы, але не магу вылучыць песню ў свае фаварыты.

10. Антон Шахорскі — Сонца

Акустычная запеўка для заўзятараў, якой можна зрабіць больш яркім час чакання каманд з распранальні. Але ці здолее яна ўзняць стадыён ды разварушыць яго? Сумняваюся.

11. Кацярына Блоцкая — Пераможам!

Такі беларускі футбольны «фольк». Ідзе ад сэрца, наўпрост да слухачоў. Годна, але б мне хацелася крышку больш складанага шляха.

Кірыл Клімянкоў, рэдактар SPORT.TUT.BY

На мой погляд, беларуская музыка звяртае на сябе ўвагу перш за ўсе андэграунд-сцэнай. Лепшых выканаўцаў я пачуў не праз радыё ці ТБ, а на імпрэзах у невялічкіх клубах. З папулярных гуртоў мне па душы Brutto, «Ляпис Трубецкой» и «J:Морс», але больш да спадобы тыя, што не знаёмы шырокай аудыторыі — ID: Vision, Favourite Mirror, Infestum.

1. Cталiца Маrsа — На футболе

Добрая рок-песня з запамінальным рэфрэнам. Ён настолькі лег на слых, што спатрэбілася паўза ў праслухоўваннях, інакш не сканцэнтраваўся б на іншых трэках. Падабаюцца аранжыроўка, тэкст, дынамічнасць. Адразу зразумеў, што гэта мой фаварыт конкурса

2. Міп-бэнд — Будзеш першым!

Шчыра кажучы, не з’яўляюся прыхільнікам рэггі. Некалькі гадоў таму ў маім плэеры грала песня Matisyahu — Youth, і вось гэты трэк «Міп-бэнд» — другі ў стылі рэггі, які я мэтанакіравана слухаю ў плэйлісце. Зноу-такі цудоўны рэфрэн. Калі ў перапынках футбольных сустрэч гэтая песня будзе гучаць на стадыёнах, упэўнены, яна спадабаецца і заўзятарам.

3. Сразу Май — Небасхiл

Доўга разважаў, ці варта ставіць гэтую песню так высока, калі ўлічваць, што футбольная тэма тут вельмі завуалявана. Але зробім выгляд, што я проста не зусім зразумеў лірыку — і таму сканцэнтраваўся выключна на музычнай тэме. А музыка тут у поўным парадку. Гадоў 15 таму падобны стыль на радыё меў назву «ракапопс». Адразу ж узгадаліся «Би-2», «Танцы Минус», а гэта далека не горшае, што было тады.

4. Ferris Wheel — Заўсёды наперад!

Розныя, але збольшага пазітыўныя ўражанні ад трэка. Спачатку меркаваў, што загучыць нешта кшталту Zdob si Zdub, а пасля пачуў ледзьве не нью-ёркскі хард-кор. Карацей, гэта ўсе мне падабаецца, таму аддаю гурту высокае месца.

5. Mashin' Gun — Першы!

У паўсядзенным жыцці мне не вельмі падабаецца такая музыка, але зараз я гатовы аддаць гурту пятае месца. Асобны рэспект дзяўчыне на вакале. На мой погляд, гэта адна з лепшых прац сярод усіх 11 трэкаў.

6. Laurynienka — Гэй, малады!

Вельмі харызматычнае выкананне, магутная энергетыка. І калі астатнія трэкі вартыя да праслухоўвання перад і падчас гульні, то пад гэтую песню я б святкаваў перамогу.

7. Антон Шахорскі — Сонца

Падаецца, што ў «Сонца» ёсць патэнцыял. Цудоўна, што ўзгаданы новы брэнд зборнай. Але ўпэўнены, што гэтая песня павінна мець іншы, чым акустычны фармат. Дадаць гітарныя рыфы ды бубны — і атрымаецца выбітны трэк для стадыёна.

8. Ліс і Лес — Крывічы

Шмат асацыяцый у сувязі з гэтай песняй. Адразу ўзгадваецца цэлы шэраг гуртоў, але ўсё ж трэк гучыць самабытна. Як падаецца, тэме не хапае магутнасці — хочацца чуць больш насычаную канцоўку.

9. Хведар Грувіч — Пераможная

Штосьці ў трэку ёсць. Мне спадабалася кода, адчуваю, што запіс зроблены таленавітымі музыкамі. Тым не менш, тут не хапае баявога футбольнага настрою, таму не магу даць выканаўцу высокія балы.

10. Кацярына Блоцкая — Пераможам!

Гэта душэўна, пранізліва, па-беларуску, ад сэрца. Але сумняваюся, што гэты трэк здольны матываваць заўзятараў ці натхніць спартоўцаў на перамогу.

11. Адась Грыневіч-Матафонаў — Перамога

Бадзёрая песня, але не зачапіла. Адзін з трэкаў, дзе відавочны патэнцыял не раскрыты.

Што атрымаюць пераможцы:

1-е месца — кліп ад вядомага беларускага кліпмэйкера Арцёма Лобача, запіс песні на студыі Bah Records, выступленне на фінальным канцэрце праекта і на «Барысаў-Арэне» у рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі гульцоў зборнай.

2-е месца — запіс песні на студыі Bah Records, выступленне на фінальным канцэрце праекта і на «Барысаў-Арэне» у рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, абанементы на хатнія гульні зборнай.

3-е месца (намінацыя «Глядацкія сімпатыі») — запіс песні на студыі Bah Records, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекта.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар Белакрылых».

Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай зборнай і беларускіх клубаў, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры ад symbal.by і іншыя памятныя падарункі.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова — Музыка — Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з конкурснымі працамі, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі пра футбол і для футбола.

ОПРОС

Якая песня вам спадабалася больш за iншыя?

Cталiца Маrsа – На футболе 18%
Сразу Май – Небасхiл 1%
Міп-бэнд – Будзеш першым! 13%
Ліс і Лес – Крывічы 5%
Кацярына Блоцкая – Пераможам! 11%
Антон Шахорскі – Сонца 13%
Адась Грыневіч-Матафонаў – Перамога! 4%
Mashin' Gun – Першы! 10%
Laurynienka – Гэй, малады! 17%
Ferris Wheel – Заўсёды наперад! 2%
Хведар Грувіч – Пераможная 6%
Спасибо за участие в опросе
7 800 голосов
Нужные услуги в нужный момент
-12%
-15%
-25%
-25%
-10%
-20%
-20%
-99%
-10%