• Биатлон
  • Хоккей
  • Футбол
  • Теннис
  • Баскетбол
  • Гандбол
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС


У Беларусі дадзены старт дзявочай футбольнай лізе U-13, паведамляе прэс-служба АБФФ.

Фото: abff.by
Фото: abff.by

На тэрыторыі культурнай прасторы «ОК16» адбылася прэзентацыя ўнікальнага для Беларусі спартыўнага праекту. Упершыню на тэрыторыі краіны пачынае дзейнасць футбольная ліга для паненак, узрост якіх не перавышае 13 год.

Каранямі ідэя зыходзіць у 2017 год, калі FIFA звярнулася да АБФФ з ініцыятывай аб аказанні дапамогі ў развіцці жаночага футбола ў краіне. Бо ў Беларусі на той час існавалі толькі нацыянальнае і моладзевае першынства. Спаборніцтвы ж для маленькіх футбалістак праводзіліся нерэгулярна і не ў буйной колькасці. Пасля дыскусій спецыялісты прыйшлі да ідэі стварэння рэспубліканскага турніра па футболе сярод дзяўчынак у катэгорыі U-13.

У дэбютным сезоне ў «Футбольнай лізе дзяўчат» згуляе 60 калектываў з усёй Беларусі. Прычым удзел у спаборніцтвах прымуць не толькі каманды ад ДзЮСШ ці іншых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, але і прадстаўніцы звычайных агульнаадукацыйных школ ці фізкультурна-спартыўных клубаў пры выканкамах.

— Гэта ўнікальны праект, які па усёй Беларусі адкрые для дзяўчат, не старэйшых за 13 год, цудоўны свет футбола. Гульня нумар адзін выдатная не толькі тым, што багатая на эмоцыі і простая ў разуменні. Яна знішчае бар’еры паміж людзьмі: сацыяльныя, палітычныя і, што асабліва важна ў сучасных рэаліях, гендэрныя. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб ператварыць жаночы футбол у масавы від спорту. І з дапамогай «Футбольнай лігі дзяўчат» робім істотны крок у кірунку да мэты, — адзначыў намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Вяргеенка.

Фото: abff.by
Фото: abff.by

Каманды падзеленыя на восем зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічваліся два фактары: каб у кожнай групе была прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і каб усе яны знаходзіліся на зручнай адлегласці адзін ад аднаго. Сістэма наступная: каманды ў красавіку-маі з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць між сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон выходзяць на рэспубліканскі этап і ў пачатку чэрвеня прыязджаюць у Мінск, дзе ў матчах па алімпійскай сістэме вызначаць лепшую каманду краіны.

Асобна трэба адзначыць тэхнічную і фінансавую дапамогу FIFA. Адбыліся адмысловыя трэнерскія курсы для спецыялістаў, якія працуюць з удзельніцамі новай лігі: цягам пяці дзён эксперты міжнароднай федэрацыі павышалі кваліфікацыю трэнераў. Таксама ўсе без выключэння каманды атрымалі па дваццаць мячоў і столькі ж камплектаў гульнявой формы Adidas: майка, шорты, гетры, буцы і шчыткі. Такому падарунку па-добраму пазайздросцяць шмат якія прафесійныя клубы.

Фото: abff.by
Фото: abff.by

Ліга атрымала хэштэг #WOOOOW — слоган, які не толькі тлумачыць матывацыю дзеянняў, але і яднае ўсе дывізіёны, адлюстроўвае асноўную эмоцыю ад гульні. Акрамя таго, за кожнай тэрытарыяльнай зонай будзе замацаваны спартыўны апякун — футбалістка нацыянальнай зборнай. Прафесійныя спартсменкі будуць падтрымліваць дзяўчынак, запісваць відэазвароты і, галоўнае, нагадваць ім, што самае першаснае ў футболе — атрыманне асалоды.

«Футбольная ліга дзяўчат» атрымала і медыяпаслоў — жанчын з розных галін дзейнасці, якія дабіліся поспехаў у Беларусі. У кожнай з амбасадорак будзе свая зона адказнасці.

Фото: abff.by
Фото: abff.by

Напрыклад, Таццяна Лавец, адна з лепшых трэнераў па фізпадрыхтоўцы ў краіне, распавядзе дзяўчынкам пра важнасць падрыхтоўкі да гульняў і навучыць правільнай размінцы.

Вядучая Ганна Эйсмант раскажа пра ўзаемадзеянне са СМІ, чаму неабходна з павагай ставіцца да журналістаў і як належыць даваць інтэрв'ю.

Вядомая беларускамоўная журналістка Адар’я Гуштын зверне ўвагу паненак на велізарнае значэнне беларускай мовы, культуры і гісторыі.

— Калі б у маім дзяцінстве існавала падобная ліга — з выбітным наборам экіпіроўкі, рэгулярным раскладам гульняў ды такім клопатам пра футбольны побыт ды культуру дзяўчат, напэўна, гуляла б у футбол, а не абрала танцы для заняткаў у вольны час. Шчаслівая, што падобны праект у нашай краіне не проста з’явіўся, а адразу атрымаў глабальны характар, — кажа Ганна Эйсмант, тэлевядучая, медыяпасол турніру.

— Цалкам падтрымліваю ідэю стварэння лігі. Гэты турнір дае шанец дзяўчынкам убачыць сябе з боку, убачыць сваіх суперніц, убачыць сэнс футбола. Акрамя саміх спаборніцтваў, гэта зносіны і перадача вопыту не толькі дзяўчынак, але і маладых трэнераў. Можа быць, менавіта з гэтай лігі пачнецца развіццё і папулярызацыя трэнерства ў жаночым футболе. Гэты турнір можа даць глыток свежага паветра жаночаму футболу нашай краіны, — адзначае Вольга Цярэшка, футбольны рэферы, адна з медыяпаслоў турніру.

Важна падкрэсліць, што ліга будзе адукацыйна арыентаванай. Кожны дывізіён будзе названы ў гонар выбітнай беларускі: Уршулі Радзівіл, Саламеі, Рагнеды і гэтак далей.

Фото: abff.by
Фото: abff.by

— Імкнемся падкрэсліць, што беларускі футбол — павага да беларускай гісторыі, культуры, традыцый і досведу. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі, каб у працэсе футбольных спаборніцтваў мы маглі распавядаць пра гісторыю рэгіёна, краіны, а таксама пра тое, што важна беражліва ставіцца да тых набыткаў і гістарычнага скарбу, якім валодае Беларусь, — адзначае Юрый Садоўскі, кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ.

-30%
-30%
-10%
-20%
-20%
-22%
-30%
-15%
-25%
-20%
0065768