Год таму беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын задумаў і зладзіў дабрачынную акцыю “Георгіеўская стужка”. 23 лютага 2011 года ў крамах па ўсёй Беларусі з’явіліся чорна-аранжавыя стужкі. Грошы ад іх продажу мусілі пайсці на дапамогу спартоўцам-інвалідам.
“На жаль, людзі набылі не вельмі шмат стужак. А дакладней, вельмі няшмат. На гэты момант я страціў прыкладна 20 тысяч долараў”, - распавёў Еўрарадыё Аляксей Грышын.
Фрыстайліст не збіраецца спыняць акцыю. Ён спадзяецца, што людзі ўсё ж такі падтрымаюць спартоўцаў, якія ахвяравалі здароўем для высокіх спартовых дасягненняў нашай краіны.