Хоккей


Ігар Карней, /

У сувязі зь нездавальняючым выступам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі на Алімпіядзе ў Ванкувэры спартовая грамадзкасць абвясціла кампанію недаверу галоўнаму трэнэру Міхаілу Захараву. У адмысловай заяве гаворыцца, што менавіта пры Захараву склалася заганная сыстэма, калі ў галоўнай камандзе гуляюць "блатныя", а тыя, хто насамрэч заслужыў гэта сваёй гульнёй, з асноўнага складу выціскаюцца.

Падпісанты звароту мяркуюць: паколькі дэкляраваная напярэдадні алімпійскага турніру задача-мінімум — трапіць у васьмёрку наймацнейшых — пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава дасягнутая не была, то цалкам справядлівым уяўляецца сыход трэнэрскага штабу ў адстаўку ў сувязі з нездавальняючымі спартовымі вынікамі. Гаворыць адзін з ініцыятараў кампаніі Васіль Саўчанка:

- Цяпер людзі збіраюць подпісы. Таму справа пакуль у працэсе. Таксама збіраемся надрукаваць ліст у спартовай газеце “Прессбол”. Галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў даў прынцыповую згоду: маўляў, як подпісы будуць сабраныя, то надрукуем.

- Нейкія вядомыя людзі з вамі ўжо салідарныя?

- Падпісваюцца ў асноўным звычайныя заўзятары. Вядомыя людзі, як мне падаецца, адкрыта выказаць сваё меркаванне, можа, нават і пабаяцца.

Ініцыятары “імпічмэнту” нагадваюць, што адзіная перамога падчас Алімпіяды была здабытая ў гульні са зборнай Нямеччыны, якая прадстаўляе зборную ніжэйшага дывізіёну “В”, тым часам як камандам Швэцыі і Фінляндыі беларусы прайгралі па ўсім. Выхаванцы Захарава ў 1/8 фіналу ў сэрыі булітаў прайгралі ня самым моцным швейцарцам.

У звароце гаворыцца, што сам факт знаходжання Захарава на пасадзе трэнэра нацыянальнай зборнай уносіць раскол у шэрагі заўзятараў, 90% якіх, згодна з апытаннямі, лічаць адстаўку неабходным крокам дзеля ўратаваньня беларускага хакею. Заўзятараў абурае прынцып адбору гульцоў у нацыянальную каманду, калі ў асноўны склад трапляюць не наймацнейшыя, а набліжаныя “да цела”.

Апроч таго, заўзятары лічаць недапушчальным грубае ўмяшанне Захарава ў дзейнасьць трэнэрскага штабу менскага “Дынама”, які прадстаўляе Беларусь у Кантынэнтальнай хакейнай лізе. З боку Захарава адбываюцца пастаянныя спробы дыскрэдытацыі клуба.

Асобныя выказванні Захарава як трэнэра зборнай Беларусі, пішацца далей у лісце, маюць абразьлівы і правакацыйны характар, ганьбяць краіну і беларускі народ, выклікаюць неразуменне ў міжнародных спартовых колах. Прыкладам, на адной з прэс-канфэрэнцый у Ванкувэры ён так выказаўся адносна графіку гульняў, складзенага арганізатарамі (цытата): “Гэта ж у канадцаў да такой ступені не працуе галава! У іх мазгоў не хапіла дадумацца, што яны могуць ня трапіць у першую чацьвёрку... Зрабіце па-людзку, дайце ўсім адпачыць… Яны думалі — у першай чацвёрцы “прытопяць” усіх. І самі ў гэтае г…о трапілі! Проста розуму няма ў людзей! Я буду вельмі рады, калі канадцы прайграюць! Буду самы шчаслівы чалавек на Зямлі…”

Але марам Захарава спраўдзіцца не было наканавана. Канадцы выйгралі алімпійскі турнір, а зборная Расеі, якую Захараў прагназаваў у чэмпіёны, згуляла гэтак жа невыразна, як і беларуская.

“На нашае перакананьне, — пішуць спартовыя заўзятары, — Захараў — гэта “гангрэна”, якая паразіла арганізм нацыянальнай каманды. І чым раней будзе праведзеная “ампутацыя” хворага ўчастка — тым больш шанцаў на найхутчэйшае выздараўленьне, на пасьпяховы выступ нацыянальнай хакейнай зборнай, дый увогуле на аднаўленьне іміджу беларускага хакею”.

Трэба сказаць, што Міхаілу Захараву не шанцуе з Алімпіядамі. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Турыне беларуская зборная на чале з Захаравым у адборачным турніры за некалькі хвілін да канца сустрэчы з латышамі прапусьціла тры шайбы і апынулася па-за бортам Алімпіяды. Тады Захарава выправілі ў адстаўку якраз за нездавальняючыя вынікі. Але нечаканая аднаўленьне на трэнэрскай пасадзе (не без дапамогі чыноўнікаў Міністэрства спорту і турызму) пасьля сыходу канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана выклікала супярэчлівую рэакцыю ў шэрагах аматараў хакею.

Праўда, Захараў ні пра якую адстаўку ня хоча і чуць. І нават прагназуе, што на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў Нямеччыне беларусы пад яго кіраўніцтвам увойдуць у лік прызёраў.

Пасьля вяртаньня ў Менск Міхаіл Захараў заявіў ў інтэрвію СМІ, што на ягоную думку, беларуская каманда ў Ванкувэры “выступіла ўдала, добра, не было правальных гульняў”. Пытаньне журналіста БелаПАН, ці былі нейкія памылкі трэнэрскага штабу, ён праігнараваў.
Нужные услуги в нужный момент
-70%
-15%
-34%
-20%
-20%
-26%
-20%
-10%
-20%