Павел Свярдлоў, /

Першая праблема - галоўны трэнер. Другая - прапіска гульцоў. Трэцяя - хакейная школа. Уладзімір Крыкуноў, пры якім нашыя хакеісты занялі чацвертае месца на Алімпіядзе-2002, прааналізаваў для Еўрарадыё выступ беларусаў на сёлетнім чэмпіянаце свету.

Чацвёртае месца Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці пакуль застаецца найвышэйшым дасягненнем беларускай зборнай па хакеі. На сёлетнім чэмпіянаце свету беларусы не ўздымуцца вышэй за 9-е месца... Пра прычыны такога выніку, які шмат кім у краіне ўспрымаецца як параза, Еўрарадыё пагутарыла з чалавекам, што кіраваў нашай нацыянальнай камандай у 2002 годзе. Уладзімір Крыкуноў, які трэніруе “Нафтахімік” з Ніжнекамска, сочыць за тым, што адбываецца на чэмпіянаце свету. Мы заспелі спецыяліста на курорце ў Славакіі, за дзень да яго прыбыцця ў Кёльн.

Еўрарадыё: 8 гадоў таму беларускія хакеісты былі чацвёртымі на Алімпіядзе, а пра каманды Германіі і Даніі як пра сур’ёзных сапернікаў увогуле не казалі. Чаму цяпер усё наадварот?

Уладзімір Крыкуноў: Тут і тлумачыць няма чаго. Гэтыя краіны займаюцца развіццём хакея. Я не хачу сказаць, што Беларусь не займаецца - за апошнія гады вы пабудавалі шмат хакейных палацаў.

Еўрарадыё: Так, грошы ў інфраструктуру ўкладаюцца!

Уладзімір Крыкуноў: Але справа тут такая: аддача ад пабудовы лядовых палацаў не можа быць хуткай! А ў вас, наколькі я ведаю, большасць з іх узведзеныя якраз за апошнія 2-3 гады. А за 2-3 гады не можа пасталець хакеіст! Дакладна так жа, як за 2-3 месяцы жанчына нарадзіць не можа.

Я памятаю, як фінскія юніёры сталі ўпершыню чэмпіёнамі свету. Толькі праз 6 ці 7 гадоў гэтыя хлопцы выйгралі “дарослае” сусветнае першынство. У Мінску раней была школа “Юнацтва”, якая давала шмат гульцоў. І спецыялісты там належныя былі. А добрых трэнераў у вас катастрафічна не хапае. На ўсіх узроўнях.

Еўрарадыё: Пра тое, што хакейнай школы ў Беларусі цяпер нестае, шмат хто кажа...

Уладзімір Крыкуноў: Праблема не толькі ў гэтым. Чахарда з трэнерамі таксама сыграла сваю ролю. Тры трэнеры змяніліся за апошні час. Глен Хэнлан, Міхаіл Захараў, цяпер Эдуард Занкавец. А ён жа ўвогуле не трэнер! Ён перакладчык - хто яго галоўным трэнерам паставіў?! Ён быў перакладчыкам ў санкт-пецярбургскім СКА, чаго вы хочаце, каб ён дасягнуў са зборнай як трэнер?

Між тым у вас ёсць добрыя спецыялісты: Гусаў, які выйграваў чэмпіянат Беларусі, Андрыеўскі, які кіраваў камандай у КХЛ. Нехта з іх, на маю думку, мусіў зрабіцца трэнерам. Цыплакоў увогуле не трэнер. Я ведаю: ён беларускія каманды толькі апускае.

Еўрарадыё: Тым не менш, Занкавец, верагодна, захавае пасаду трэнера хакейнай зборнай Беларусі. А вас гэтым разам да працы з нацыянальнай камандай не запрашалі?

Уладзімір Крыкуноў: Не...

Еўрарадыё: Можа, гэта таму, што вы ў Ванкувер да Захарава адмовіліся прыехаць?

Уладзімір Крыкуноў: Я не тое, каб адмовіўся! Каб змог - з задавальненнем прыехаў бы і дапамог! Але я маю абавязкі ў сваім клубе. І калі з’явілася прапанова ад Захарава, я пайшоў да дырэктара “Нафтахіміка” і папрасіў, каб мяне адпусцілі працаваць на Алімпіядзе. Не атрымалася: дырэктар папрасіў засяродзіць увагу на працы ў клубе. Вось чаму я не прыехаў, а не з нейкіх там матываў...

Еўрарадыё: Калі вяртацца да працы Занкаўца са зборнай... Ці можна вылучыць якія-небудзь канкрэтныя памылкі?

Уладзімір Крыкуноў: Галоўнае - яму досведу не хапіла. Наступнае - ён не разабраўся ў тактыцы. У які хакей ён хацеў гуляць? І ў выніку ў невыразным стылі згуляла каманда...

Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе?

Уладзімір Крыкуноў: Палова каманды прэсінгуе, як вучыў Хэнлан. Палова гуляе ад абароны, як на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Дзіўна, што ўвогуле ў такой сітуацыі нешта атрымалася. Ну, а што Занкавец? Я ж вам кажу, ён быў перакладчыкам у СКА. Нельга перакладчыка адразу рабіць трэнерам. Ды яшчэ галоўным. Ды яшчэ ў нацыянальнай зборнай!

Еўрарадыё: Дык што, усё так безнадзейна?

Уладзімір Крыкуноў: Патэнцыял у беларускай зборнай ёсць. Але глядзіце яшчэ, як усё ўзаемазвязана... Дзе гуляюць вашыя хакеісты? Ёсць адзіны беларускі клуб у Кантынентальнай хакейнай лізе - мінскае “Дынама”, і хто гуляе там? 15 замежнікаў! Замест таго, каб там на добрым узроўні нагуляць у КХЛ як мінімум дзве пяцёркі і ўзяць іх у зборную цалкам, у “Дынама” набіраюць легіянераў.

Яшчэ адна пяцёрка ў зборную Беларусі магла б прыехаць з-за акіяна, з НХЛ. І ўжо тры пяцёркі ў вас было б тады! Дадаём да іх пяцёрку, якую можна было б сабраць з гульцоў нацыянальнага першынства, ці з беларусаў, якія гуляюць у іншых камандах КХЛ, - і вось вам зборная Беларусі, якая магла б згуляць з тым вынікам, якога ад яе чакалі.

Еўрарадыё: Ці сапраўды КХЛ мае для падрыхтоўкі зборнай такую важкасць?

Уладзімір Крыкуноў: Ёсць дзве лігі ў свеце, з якіх вырастаюць хакеісты ўзроўню нацыянальных зборных. Так што - ці НХЛ, ці КХЛ. А вашыя гульцы з большага не гуляюць ні там, ні там...

Еўрарадыё: Але ні туды, ні сюды нікога гвалтам не запхаеш!

Уладзімір Крыкуноў: Міхаіл Захараў спрабаваў штучна далучаць гульцоў да мінскага “Дынама”, каб яны рыхтаваліся да гульняў за зборную. Але дзе цяпер Захараў... Мне незразумелая палітыка, якую Беларуская федэрацыя хакея праводзіць у дачыненні да гэтага клуба. Ці “Дынама” само па сабе, ніякага дачынення да зборнай не мае. Тады - калі ласка: набірайце легіянераў, колькі заўгодна. Ці гэта галоўны клуб краіны, які ў КХЛ яе прэзентуе, - дык няхай тады ён працуе на зборную! Не ведаю, што думае кіраўніцтва БФХ, але я б рабіў так.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, калі б браты Касціцыны ўсё ж пад’ехалі ў Германію - гэта палепшыла б вынік, які паказала зборная Беларусі?

Уладзімір Крыкуноў: Я думаю, што рэч тут не ў двух гульцах. Але для зборнай Беларусі кожны гулец такога ўзроўню - гэта дапамога. І, я ўпэўнены, з Касціцынымі бы вы ўзялі дадатковыя ачкі. Але праблема большая.
-20%
-50%
-50%
-20%
-15%
-25%
-20%
-15%
-50%
-30%