Хоккей


Яўген Валошын,

У пачатку сакавіка першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Рачкоўскі красамоўна выказаўся пра беларускі хакей: “Пасля тых скандалаў, інтрыг і дамоўных выступленняў кіраўніцтва федэрацыі ў поўным складзе павінна сысці”.

Фото: Юрий Михалевич
Фота: Юрый Міхалевіч

Словы пра дамоўныя выступленні ад такога высокага чыноўніка ― гэта не інакш як сенсацыя. За фокусы з няшчырымі матчамі ў Крымінальным кодэксе Беларусі прадугледжана пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі (артыкул 253 ― “Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў”).

“Ва ўсялякім выпадку такіх матчаў Федэрацыяй выяўлена не было. Калі б такое здарылася, мы б з гэтым разбіраліся, размясцілі б прэс-рэліз”, ― дзівіцца прэс-сакратар Федэрацыі хакея Арсеній Якавенка.

Еўрарадыё: “Інфармацыя пра дамоўныя сустрэчы многіх здзівіла…” 

Арсеній Якавенка:
“Вам дзіўна, і нам дзіўна. Таму тут нешта пракаментаваць я не магу”.

У хакейным клубе “Магілёў”, які заняў апошняе месца ў рэгулярным чэмпіянаце Беларусі, не сталі хавацца ад нашага нязручнага пытання пра дамоўныя матчы.

“Думаю, што такіх гульняў няма. Гэта з маёй званіцы, асабіста я з такім не сутыкаўся, ― распавядае галоўны трэнер “Магілёва” Сяргей Усанаў. ― З іншага боку, хто вам пра такое раскажа?”

Еўрарадыё: “Магілёў” заняў апошняе месца ў рэгулярным чэмпіянаце. Разважаючы пра дамоўныя сустрэчы, заўзятары часам думаюць: клубу не было чаго губляць, чаму б не здаць якую-небудзь гульню на карысць каманды, якая змагаецца за выхад у плэй-оф? Натуральна, гэтыя развагі мала чым абгрунтаваны
я”.

Сяргей Усанаў: “Ну, паглядзіце. Дзесьці за месяц-паўтара да заканчэння чэмпіянату мы яшчэ мелі шанцы выйсці ў плэй-оф. Таму змагаліся да канца. А калі здарыўся разрыў у ачках, то васьмёрка ўжо была вызначана. І які сэнс гуляць дамоўныя матчы? Тут логікі ніякай няма. Перад тым як рабіць заявы, трэба ўзяць людзей за руку і апублікаваць гэта ўсё афіцыйна. Агульнымі словамі можна абняславіць кожную сферу і індустрыю. Але гэта толькі словы”.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Андрэй Скабелка абурыўся нашаму пытанню пра дамоўныя матчы: “Я не хачу каментаваць словы Рачкоўскага і адказваць на вашае пытанне. Лепш так і напішыце ― без каментарыяў”.

Еўрарадыё: “Проста была заява, інфармацыя прагучала. І нам не зразумела, ці сапраўды такое здараецца ў экстралізе. А вы галоўны трэнер зборнай і сочыце за тэндэнцыямі ў чэмпіянаце”.

Андрэй Скабелка:
“Мне нават складана падабраць словы. Вы звярнуліся да мяне у тым ліку як да трэнера хакейнага клуба “Гомель” (каманда пакінула плэй-оф у першым раўндзе. ― Заўв. Еўрарадыё). Калі вы ў мяне хочаце спытацца, то я ў такіх гульнях не ўдзельнічаў. Але які трэнер у такім прызнаецца?”

Знаны хакейны эксперт, рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў разважае, што некаторыя матчы ў беларускім хакеі выглядаюць няшчыра: “Клуб “Юніёр”, гуляючы ў “мінорнай” шасцёрцы рэгулярнага чэмпіянату Беларусі, заняў сёмае месца. І выйшаў у плэй-оф на каманду, якая ўзяла другое. Дык вось ніхто не хацеў займаць гэта другое месца. Усе справядліва меркавалі, што ў плэй-оф давядзецца гуляць не з “Юніёрам”, а з іншай камандай. Бо з УХЛ (Усерасійскай хакейнай лігі. ― Заўв. Еўрарадыё) вярнулася мінскае “Юнацтва”, гульцы якога ўзмацнілі “Юніёр”. Каманда, якая гуляла па-сапраўднаму шчыра, ― гэта “Гомель”. У прыватнасці ― трэнер Андрэй Скабелка. Што тычыцца “Нёмана”, то гэта каманда, на маю думку, здала другую пазіцыю”.

Уладзімір Беражкоў прывёў прыклад гульняў “Нёмана” з “Лідай”. 31 студзеня гродзенская каманда нечакана саступіла дома з лікам 5:6. А 13 лютага фаварыт “Нёман” зноўку прайграў “Лідзе” 0:2.

“Даказаць дамоўны матч заўжды вельмі складана, ― працягвае Уладзімір Беражкоў. ― Але ёсць так званыя сакрэты Палішынэля, якія вядомы ўсім і на якія адпаведныя спартовыя органы павінны рэагаваць”.

Адзіны гучны ў Беларусі скандал наконт дамоўных гульняў ― гэта так званая справа Шанталосава, якая грымела ў 2008 годзе. Былога галкіпера нашай нацыянальнай зборнай па футболе абвінавачвалі ў спробе подкупу дзейнага беларускага брамніка Генадзя Туміловіча. Следства меркавала, што такім чынам зламыснік збіраўся забяспечыць патрэбны вынік у двух матчах. А пасля на гэтым узбагаціцца ў букмекерскіх канторах. Следчы, які займаўся справай, пазбавіўся сваёй пасады, а падазраваныя за краты не трапілі.
Нужные услуги в нужный момент
-15%
-20%
-10%
-10%
-35%
-62%
-30%
-27%