
- Эдуард Канстанцінавіч, наша месца ў сусветным хакеі сапраўды ў раёне 14—15 месцаў?
- Скажам так, калі такія вынікі паказваюцца ўжо не ў першы раз, то можна гаварыць, што мы страцілі свае былыя пазіцыі.
- Чаму?
- Гэта і праз аслабленне нацыянальнага першынства, узровень якога падае штогод. На жаль, узровень гульцоў не дазваляе рашаць сур’ёзныя задачы, як, напрыклад, змяніць ход няўдалага паядынку.
- У сённяшняй зборнай пабачылі нейкія светлыя плямы?
- Найперш брамнік Бялінскі. Адгуляў ён вельмі надзейна. Падругое, гэта наша лінія абароны. Яна выклікала пытанні. Аднак справіліся са сваёй задачай нашмат лепей за нападаючых.
- Калі б былі лідары, то можна было разлічваць на лепшы вынік?
- У гульнях з такімі камандамі, як Данія, Нарвегія, пры роўнасці шанцаў на перамогу, шмат што вырашае падрыхтоўка ў пэўны дзень, індывідуальнае майстэрства. Калі гаварыць даступна, то добры кісцявы кідок Андрэя Касціцына мог многае вырашыць.
- Яшчэ 10 гадоў таму мы былі прыкладна аднаго ўзроўню са Швейцарыяй. Цяпер жа нібыта розныя планеты.
- У 2005 годзе я пачаў працаваць са зборнай. І цяпер параўнайце, колькі за гэты час у нас змянілася не толькі трэнераў, але і вектараў развіцця, і колькі ў швейцарцаў. Тады ўсё стане зразумела. Швейцарцы заточаныя пад мэту, планамерна ішлі да гэтых перамог. У іх не мяняецца стратэгія ў залежнасці ад надвор’я на вуліцы.
- На хатнім чэмпіянаце ёсць шанец не зганьбіцца?
- Тэарэтычна, так. Як і згуляць кепска. Хаця што такое "кепска"? Некалі для нас трапіць у "васьмёрку" было кепска. Цяпер жа дзясятае месца — гэта ўжо "добра".
- Кажуць, што вялікія грошы сапсавалі нашых хакеістаў.
- Паверце, швейцарцы, што гуляюць у нацыянальным першынстве, атрымліваюць не менш. Я не думаю, што мы станем гуляць лепш, калі зменшым заробкі. Тут праблема не ў сумах, а наколькі правільна яны выкарыстоўваюцца.
- Трэнера Скабелку трэба пакідаць ці зноў мяняць?
- (Смяецца). Я лічу, што ўсё залежыць ад дамоўленасцяў, на колькі гадоў было вырашана супрацоўнічаць, пры якіх выніках працягваць кантракт. Не толькі трэнер нясе адказнасць за вынік, але і людзі, якія запрашалі яго на працу.