
Аляксандр Ганчароў займаў гэту пасаду з пачатку 2000-х гадоў. Але апошнім часам зборную скалыналі скандалы, вынікі мужчынскай каманды дэградавалі — ніводнага медаля на лонданскай Алімпіядзе. Праўда, з’явіліся новыя зоркі жаночай штангі.
Цікавімся ў Беларускім цяжкаатлетычным саюзе, ці змяніўся кіраўнік зборнай.
БЦС: “Так, ён змяніўся, але гэта ніхто не каментуе. Загаду яшчэ няма. Днямі пачынаюцца зборы нацыянальнай каманды ў Стайках. І там будзе прадстаўлены новы трэнер. Будзе прысутнічаць і міністр спорту, і прадстаўнікі федэрацыі. Пасля можна будзе каментаваць. А пакуль усё кулуарныя размовы”.
Праз спартсменаў нацыянальнай зборнай даведваемся, што новым галоўным трэнерам стане Валянцін Кароткін, раней ён быў кіраўніком жаночай цяжкаатлетычнай зборнай.
Некаторыя штангісты, з якімі Еўрарадыё ўдалося на ананімных умовах паразмаўляць, выказваюць незадавальненне. Па сутнасці Кароткін — правая рука, найбліжэйшы паплечнік Аляксандра Ганчарова. Цяжкаатлеты параўналі гэту трэнерскую ракіроўку з палітычнай схемай Пуцін-Мядзведзеў, калі ад перамены месцаў сэнс мала ў чым мяняецца.
Адкрыта выказацца наконт новага прызначэння пагадзіўся толькі алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў: “Калі гэта здарыцца, я адразу кладу на стол заяву аб сыходзе. Зарплату атрымаў 200 тысяч, галоўным трэнерам прызначылі… Я завязваю з цяжкай атлетыкай, пакуль не будзе годнага галоўнага трэнера. Бо гэта спакой у камандзе. А так новы трэнер будзе рабіць тое, што яму скажа Ганчароў. Гэта яшчэ горш. Поглядам спартсменаў на гэты конт не пацікавіліся”.
Як удалося даведацца Еўрарадыё, Валянцін Кароткін працаваў разам з Аляксандрам Ганчаровым у магілёўскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Ён асабіста трэніруе Дзіяну Сазанавец (4-е месца на Алімпіядзе ў Лондане) і цягам пэўнага часу займаўся Віталём Дзербянёвым (4-разовы чэмпіён Еўропы).
“Мяне выклікалі да старшыні Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Шпілеўскага Аляксандра Францавіча, дзе было аб’яўлена, што я прызначаны, — паведамляе Валянцін Кароткін Еўрарадыё. — Але прадстаўлення яшчэ не было, гэта павінна адбыцца на зборах 10-га студзеня”.
Еўрарадыё: “Валянцін Данілавіч, а былы трэнер таксама будзе працаваць?”
Валянцін Кароткін: “Так. Мы з ім былі ў Аляксандра Францавіча. Аляксандр Ганчароў будзе займаць пасаду “старшы трэнер па рэзерве зборных каманд”.